Пошук

31.03.2023 14:15   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Рымская клініка імя Агасціно Джэмэллі. Фота: Alberto Pizzoli / AFP / Getty Images

Стан здароўя Папы Францішка, які з 29 сакавіка знаходзіцца ў рымскай клініцы імя Агасціно Джэмэллі з прычыны рэспіраторнай інфекцыі, паляпшаецца. Неўзабаве Святы Айцец можа быць выпісаны са шпіталя.

Як у другой палове дня 30 сакавіка паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, сітуацыю пракаментаваў кіраўнік прэс-службы Святога Пасаду Матэо Бруні, які сказаў, што Папа «добра адпачыў мінулай ноччу», а таксама што «клінічная карціна паступова паляпшаецца» і «планавае лячэнне працягваецца».

Раніцай Пантыфік памаліўся ў капліцы, якая знаходзіцца пры яго палаце, прыняў святую Камунію, потым паснедаў, прачытаў газеты і «ўзнавіў працу».

У пятніцу Vatican News працягвае інфармаваць пра стан здароўя Пантыфіка.

Са спасылкай на медыцынскі персанал, які клапоціцца пра Папу ў шпіталі, Матэо Бруні паведаміў журналістам, што «ў межах клінічнага абследавання ў Святога Айца быў выяўлены інфекцыйны бранхіт, што патрабавала прызначэння інфузійнай антыбіётыкатэрапіі. Гэта дало чаканы эфект і прывяло да заўважнага паляпшэння самаадчування».

Па меркаванні спецыялістаў, Папа Францішак можа быць выпісаны са шпіталя ў бліжэйшыя дні.

Адзначаецца, што раней Святы Айцец быў пацыентам гэтай клінікі з 4 па 14 ліпеня 2021 года, калі яму тут рабілі аперацыю па выдаленні часткі тоўстага кішэчніка.

Старшыня ККББ біскуп Алег Буткевіч заклікаў вернікаў і ўсіх людзей добрай волі ўзмацніць малітвы аб здароўі Папы Францішка.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця