Пошук

16.03.2023 11:01   Паводле: Vatican News / Catholic.by

15 сакавіка ў адпаведнасці з Апостальскай канстытуцыяй Episcopalis Communio (10, §§ 1–2) была створана камісія па падрыхтоўцы да правядзення чарговай Генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў. Акрамя таго, ва ўсім свеце пройдзе Марыйная малітва за Сінод.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у склад камісіі, якую ўзначаліць генеральны сакратар Сіноду Біскупаў кардынал Марыё Грэк, увойдуць сем асоб.

Айцец Джакамо Коста, езуіт, будзе каардынатарам новастворанай камісіі, у склад якой таксама ўвайшлі біскуп Цімаці Джон Кастэла SDB з Аўстраліі, біскуп Даніэль Флёрэс са Злучаных Штатаў Амерыкі, сястра Шызуэ Хірота MMB з Японіі, біскуп Лусіу Муандула з Мазамбіка, ксёндз Дарыё Віталі, прафесар з Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта. Сакратаром камісіі прызначаны ксёндз Томаш Трафны з Польшчы. У працы камісіі возьме ўдзел і галоўны рэлятар Асамблеі кардынал Жан-Клод Ольрыш.

Адначасова са стварэннем падрыхтоўчай камісіі, сакратарыят Сіноду прапанаваў правесці ва ўсім свеце Марыйную малітву ў межах падрыхтоўкі да XVI Генеральнай Асамблеі Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці.

Мэта малітвы, якая пройдзе 31 мая, у свята Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй святой Альжбеты, у тым, каб «дапамагчы народу Божаму адчуць важнасць працэса, які адбываецца, і заахвоціць вернікаў суправаджаць яго малітвай», а таксама даручыць «асабліваму заступніцтву Маці Божай сінадальны працэс у Касцёле, перадусім працу Генеральнай Асамблеі».

Да малітвы, якая адбудзецца ў марыйных святыня і парафіях па ўсім свеце, запрашаюць свецкіх вернікаў, святароў і кансэкраваных асоб.

Касцёл у Беларусі на Генеральнай Асамблеі, якая ўпершыню будзе праходзіць у дзве сесіі — увосень 2023 і ўвосень 2024 года — па рашэнні беларускага каталіцкага епіскапату прадставіць Старшыня Сінадальнай камісіі пры ККББ бісуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Абноўлена 16.03.2023 11:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця