Каментуючы крокі, зробленыя на апошнім сходзе так званага «Сінадальнага шляху» ў Франкфурце (Германія) Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы Францішка кардынал П’етро Паралін сцвердзіў, што яны супярэчаць вучэнню Касцёла.
Як паведаміла 14 сакавіка Польская рэдакцыя Ватыканскага радыё, паводле найбліжэйшага супрацоўніка Папы Францішка, у гэтых пытаннях неабходна весці дыялог і ўзаемадзеянне паміж Касцёлам у Германіі і Святым Пасадам разам з паўсюдным Касцёлам.
На заключнай сінадальнай сесіі ў Германіі быў прыняты дакумент, які прапануе, сярод іншага, увядзенне касцёльнага благаслаўлення для аднаполых саюзаў нават насуперак таму, што за два гады да гэтага Святы Пасад у зацверджанай Папам Францішкам дэкларацыі пастанавіў, што Касцёл не мае і не можа мець улады благаслаўлення такіх саюзаў, бо яны супярэчаць аб’яўленай Божай задуме адносна чалавека.
У размове з італьянскімі журналістамі, кардынала Параліна папрасілі пракаментаваць гэтае рашэнне.
«Я лічу, што Святы Пасад ужо выказаўся на гэтую тэму вельмі ясна. Быў дакумент Кангрэгацыі Веравучэння. Такая пазіцыя Рыма. Цяпер з нямецкімі біскупамі будзем працягваць дыялог, а перадусім гэтыя пытанні павінны з’явіцца на сінадальным працэсе ўсяго паўсюднага Касцёла. І там паглядзім, як гэта пойдзе далей. <…>
Мясцовы Касцёл не можа прымаць рашэнні такога роду, якія закранаюць дысцыпліну паўсюднага Касцёла. Таму неабходна ўзаемадзеянне з Рымам і іншымі Касцёламі ў свеце. Патрэбны час на такі дыялог і ўзаемадзеянне, каб убачыць, якія рашэнні трэба будзе прыняць», — сказаў кардынал Дзяржсакратар П’етро Паралін.