15 лютага Папа Францішак прызначыў ліванскага мараніцкага манаха з Ордэна Антаніянаў Маранітаў айца Мішэля Жалаха ОАМ новым сакратаром Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў.
Новапрызначаны сакратар будзе супрацоўнічаць з арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці, які нядаўна ўступіў на пасаду Прэфекта згаданай Дыкастэрыі Святога Пасаду.
Як паведамляецца на старонцы мінскай грэка-каталіцкай парафіі святога Праведнага Язэпа Svjazep.org, да цяперашняга часу святар быў рэктарам каталіцкага Антаніянскага ўніверсітэта ў горадзе Баабда на захадзе Лівана.
Айцец Мішэль Жалах нарадзіўся 27 жніўня 1966 г. у Бейруце, даў манаскія абяцанні ў мараніцкім ордэне антаніянаў 15 жніўня 1983 г. і 21 красавіка 1991 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Са снежня 2000 г. па ліпень 2008 г. нёс служэнне ў Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў. У 2008 г. атрымаў ступень доктара эклезіялогіі ў Папскім Усходнім інстытуце ў Рыме.
З 2013 па 2018 год быў Генеральным сакратаром Блізкаўсходняй Рады Цэркваў і членам Камісіі па экуменічных адносінах Асамблеі Каталіцкіх Патрыярхаў і Біскупаў у Ліване. Дацэнт Антаніянскага ўніверсітэта ў Баабдзе, з 2017 г. — рэктар.