Раніцай 31 студзеня, роўна праз месяц пасля смерці Бэнэдыкта XVI, арцыбіскуп Георг Генсвайн узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі аб вечным жыцці для памерлага ў гроце базылікі святога Пятра.
Пра гэта са спасылкай на Фонд Ёзафа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Арцыбіскуп Генсвайн згадаў у гаміліі Бэнуа-Жазэфа Лабра. Гэты святы, з якім Папа эмэрыт падзяліў імя падчас хросту і чыё імя ён пазней прыняў як Пантыфік, памёр у Рыме 16 красавіка 1783 года. Варта адзначыць, што 16 красавіка — гэта дзень нараджэння Ёзафа Ратцынгера.
«Хоць нам не хапае яго фізічнай прысутнасці, Бэнэдыкт XVI сёння духоўна знамі», — падкрэсліў іерарх, які да самай смерці быў яго асабістым сакратаром.
У святой Імшы ўзялі ўдзел сёстры з асацыяцыі Memores Domini, якія суправаджалі Бэнэдыкта XVI падчас яго пантыфікату, а потым у кляштары Mater Ecclesiæ, сястра Біргіт Вансінг, яго шматгадовы асабісты сакратар, і іншыя людзі, якія былі побач з Папам на працягу многіх гадоў. На заканчэнне Эўхарыстыі прайшла малітва каля магілы Бэнэдыкта XVI, які памёр 31 снежня мінулага года.