17 студзеня ўспамін святога Антонія, абата, абаронцы хатніх жывёл і апекуна жывёлагадоўцаў, адзначылі ў Ватыкане святой Імшой, якую цэлебраваў у базыліцы святога Пятра кардынал Маўро Гамбэцці OFM Conv.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, пасля Эўхарыстыі ад Замка святога Анёла па Вія-дэлля-Канчыльяц’ёнэ да Ватыканскай плошчы прайшоў конны парад, а таксама адбылося традыцыйнае благаслаўленне прысутных там людзей і жывёл, у тым ліку і прадстаўнікоў некаторых конных падраздзяленняў узброеных сіл Італіі.
На плошчы Пія XII, насупраць каланады Бэрніні, была створана стайня пад адкрытым небам. Прадстаўнікі італьянскіх сельскагаспадарчых арганізацый выставілі ў ёй хатніх жывёл, у тым ліку кароў, коней, авечак, коз, трусоў і птушак.
Кожны год 17 студзеня Каталіцкі Касцёл ушаноўвае памяць святога Антонія Вялікага, якога прызнаюць таксама праваслаўная і евангелічная традыцыі. Стагоддзямі гэты дзень адзначаўся благаслаўленнем жывёл у стайнях, адмовай ад іх забою і выкарыстання ў ежу.