Імша ва ўрачыстасць Нараджэння Пана і традыцыйнае пасланне Urbi et Orbi — галоўныя падзеі з удзелам Святога Айца ў святочны перыяд.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, расклад галоўных набажэнстваў і публічных мерапрыемстваў, якія пройдуць у бліжэйшыя месяцы з удзелам Папы Францішка, абнародавала 30 лістапада Служба папскіх літургічных цэлебрацый.
Святая Імша Пастэрка ва ўрачыстасць Нараджэння Пана распачнецца 24 снежня ў 19.30 у базыліцы святога Пятра.
Апоўдні 25 снежня Святы Айцец з цэнтральнай лоджыі ватыканскай базылікі звернецца да жыхароў горада Рыма і свету з традыцыйным пасланнем Urbi et Orbi і ўдзеліць усім вернікам Апостальскае благаслаўленне.
У суботу 31 снежня ў 17.00 Пантыфік узначаліць у ватыканскай базыліцы цэлебрацыю святой Імшы у вігілію ўрачыстасці святой Багародзіцы Марыі з Нешпарамі і гімнам Te Deum у падзяку за мінулы год.
У першы дзень Новага, 2023 года, ва ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі і 56-ы Сусветны дзень міру, а 10-й гадзіне Папа будзе цэлебраваць урачыстую Імшу ў ватыканскай базыліцы.
6 студзеня 2023 года ў 10.00 Святы Айцец узначаліць урачыстую цэлебрацыю Эўхарыстыі ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана.
У нядзелю Хросту Пана, 8 студзеня 2023 года, у 9.30 Папа Францішак узначаліць цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой ахрысціць дзяцей у Сікстынскай капэле.