Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 12 кастрычніка прайшла на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, Папа Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны духоўнаму распазнаванню, адзначыўшы, што яго чарговым неад’емным «інгрэдыентам», пасля малітвы і пазнання сябе, з’яўляецца жаданне.
Паводле духоўных настаўнікаў, гаворка ідзе пра тугу па паўнаце, якая ніколі не знаходзіць поўнага спаўнення, і пра знак прысутнасці Бога ў нас.
Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец падкрэсліў, што такое жаданне не мімалётнае. На лацінскай мове яно гучыць як de-sidus, што літаральна азначае «недахоп зоркі» — недахоп арыенціра, які скіроўвае жыццёвы шлях; яно звязана з пакутамі і пачуццём нястачы, а ў той жа час імкненнем дасягнуць дабра, якога нестае.
«Жаданне, такім чынам, — гэта компас, які дае зразумець, дзе знаходжуся і куды іду. Але як яго распазнаць?» — спытаўся Папа.
«Шчырае жаданне здольнае глыбока кранаць струны нашай душы, таму яно ніколі не згасае перад абліччам цяжкасцяў і няўдач. Яно падобна на смагу: пакуль не знойдзем пітво, мы не адмаўляемся ад яе, наадварот, пошук усё больш і больш займае нашыя думкі і дзеянні, пакуль не станем гатовымі пайсці на любыя ахвяры, каб спатоліць яе. Перашкоды і няўдачы не гасяць жаданне, а наадварот, робяць яго мацнейшым», — сцвердзіў Святы Айцец.
У адрозненні ад мімалётнага парыву ці эмоцыі, жаданне трывае на працягу доўгага часу і схільнае да матэрыялізацыі, падкрэсліў Святы Айцец, ставячы ў прыклад маладога чалавека, які прагне стаць медыкам: ён павінен прысвяціць шмат гадоў вучобе і практыцы, абмяжоўваючы сябе і кажучы «не» іншым заняткам і забавам. «Аднак жаданне даць напрамак свайму жыццю і дасягнуць мэты дазваляе яму пераадолець цяжкасці», — сказаў Папа, зазначыўшы, што каштоўнасць выклікае захапленне і лягчэй дасягаецца, калі яна прыцягальная. «Як сказаў нехта: „цудоўна быць добрым, але важней мець жаданне стаць такім“», — заўважыў Пантыфік.
Ён нагадаў, што Езус, перш чым здзейсніць цуд, часта пытаўся ў людзей пра іх жаданні, а часам гэта здавалася недарэчным. Ён прывёў у прыклад гісторыю пра паралізаванага, якога Хрыстус сустрэў ля купальні Бэтэзда. Хворы ляжаў там шмат гадоў і ніяк не мог увайсці ў ваду ў патрэбны час. Езус спытаўся ў яго: «Хочаш стаць здаровым?» — а адказ паралізаванага «адкрывае шэраг дзіўных супраціваў аздараўленню, якія датычацца не толькі яго». «Пытанне Езуса было запрашэннем зрабіць яснасць у сэрцы, каб ажыццявіць пераход на іншы ўзровень: не думаць пра сябе як пра чалавека, якога павінны пераносіць іншыя. Тым не менш, хворы не здаваўся цалкам перакананым», — зазначыў Святы Айцец.
«Ведучы дыялог з Панам, мы вучымся разумець тое, чаго па-сапраўднаму жадаем ад нашага жыцця…
Часта менавіта жаданне вызначае розніцу паміж паспяховай, паслядоўнай і працяглай задумай і тысячамі амбіцый і добрых намераў, з якіх, як кажуць, „выкладзена дарога ў пекла“. Эпоха, у якую мы жывем, здаецца, спрыяе максімальнай свабодзе выбару, але ў той жа час атрафіруе жаданне, зводзячы яго да мімалётнага парыву. Нас бамбардуюць тысячы прапаноў, задум, магчымасцяў, якія пагражаюць адцягнуць нашую ўвагу і не дазволіць спакойна ацаніць тое, чаго мы па-сапраўднаму прагнем», — канстатаваў пастыр паўсюднага Касцёла.
Ён заўважыў, што многія людзі пакутуюць, бо не ведаюць, чаго жадаюць ад жыцця; магчыма, яны ніколі не ўваходзілі ў кантакт са сваімі самымі глыбокімі жаданнямі. «Адсюль рызыка пражыць жыццё паміж спробамі і захадамі рознага кшталту, так і не дасягнуўшы нічога і страціўшы каштоўныя магчымасці. Менавіта таму некаторыя перамены, нават будучы жаданымі ў тэорыі, застаюцца ніколі не рэалізаванымі, калі з’яўляецца такая магчымасць», — сказаў Святы Айцец.
«Калі б Пан звярнуўся сёння да нас з пытаннем, якое Езус задаў сляпому: „Што хочаш, каб Я зрабіў табе?“ — што б мы адказалі?
Магчыма, мы, нарэшце, папрасілі б Яго дапамагчы дам пазнаць глыбокае жаданне Яго, якое сам Бог змясціў у нашым сэрцы <…>, і даць сілу, каб рэалізаваць яго. Гэта — велізарная ласка, аснова ўсіх іншых: дазволіць Пану, як у Евангеллі, здзейсніць цуд для нас <…>. Бо таксама і Ён мае вялікае жаданне: зрабіць нас удзельнікамі паўнаты Яго жыцця», — завяршыў катэхезу Папа Францішак.