Упершыню ў гісторыі тры жанчыны сталі членамі ватыканскай Дыкастэрыі па справах біскупаў. Цяпер дзве законніцы і адна свецкая верніца будуць удзельнічаць у выбары новых пастыраў.
Як са спасылкай на прэс-службу Святога Пасаду 13 ліпеня паведаміла Беларуская Рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец прызначыў членамі Дыкастэрыі па справах біскупаў сястру Рафаэлу Пэтрыні FSE, італьянскую законніцу з кангрэгацыі Францішканак Сясцёр Эўхарыстыі, прызначаную ў лістападзе 2021 года Генеральным сакратаром Губернатарату Дзяржавы Ватыкан; сястру Івон Рэнгот FMA, французскую законніцу, Генеральную настаяцельніцу кангрэгацыі Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў, вядомых таксама як сёстры салезіянкі святога Яна Боско; і Марыю Лію Дзэрвіна, італьянку, старшыню Сусветнага аб’яднання Жаночых каталіцкіх арганізацый.
Папа Францішак анансаваў прызначэнне трох жанчын у Дыкастэрыю па справах біскупаў у нядаўнім інтэрв’ю агенцтву Reuters, адзначыўшы, што яны будуць уключаны ў працэс выбару новых пастыраў дыяцэзій.