Упершыню ў гісторыі Генеральным сакратаром Губернатарату Дзяржавы Ватыкан стала жанчына, а яе намеснікам — свецкі вернік. Гэтыя прызначэнні Папа Францішак здзейсніў 4 лістапада.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, на пасаду Генеральнага сакратара Губернатарату Святы Айцец прызначыў сястру Рафаэлу Пэтрыні, законніцу з кангрэгацыі Францішканак Сясцёр Эўхарыстыі. Яна нарадзілася ў 1969 годзе ў Рыме, скончыла Міжнародны незалежны ўніверсітэт Гвідо Карлі па спецыяльнасці паліталогія і абараніла дактарат на факультэце сацыяльных навук Папскага ўніверсітэта святога Тамаша Аквінскага ў Рыме, дзе цяпер выкладае эканоміку дабрабыту і сацыялогію эканамічных працэсаў. З 2005 года была супрацоўніцай Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў.
Апошнім часам шэраг жанчын былі прызначаны на іншыя пасады ў Касцёле, якія не патрабуюць выканання ўлады пасвячэння.
Намеснікам Губернатару Дзяржавы Ватыкан Папа прызначыў італьянскага адваката Джузэпэ Пулізі-Алібрандзі, які з 2017 года быў кіраўніком Аддзела па прававых пытаннях, грамадзянскага стану і натарыяту ў Губернатараце. Ён нарадзіўся ў 1966 годзе ў Рыме, скончыў юрыдычны факультэт рымскага ўніверсітэта Ля Сап’енца. На службе ў Губернатараце з 2014 года.