Пошук

23.06.2022 11:24   Vatican News
Фота: CNS / Paul Haring

Пра важнасць наследаваць Пана, нягледзячы на выкліканыя старасцю абмежаванні, казаў Папа Францішак у сваёй катэхезе падчас агульнай аўдыенцыі, якая 22 чэрвеня прайшла ў Ватыкане.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец звярнуў увагу на размову Уваскрослага Хрыста са святым Пятром, пра якую евангеліст Ян распавядае напрыканцы свайго Евангелля (Ян 21, 15–23). Падчас гэтага дыялогу Езус тройчы спытаўся ў Пятра: «Ці любіш ты Мяне?» — а потым адкрыў апосталу, якім будзе канец яго жыцця.

На думку Папы, у гэтай размове відаць «ўсю любоў Езуса да сваіх вучняў», а таксама Яго «вялікую чалавечнасць у адносінах з імі».

У сувязі з гэтым Папа Францішак заклікаў вернікаў зрабіць рахунак сумлення і адказаць сабе на пытанне пра тое, якімі з’яўляюцца іх адносіны з Панам: «адкрытымі, шчырымі, прамымі, па-чалавечы рэальнымі» або фармальнымі, а шлях веры занадта «абстрактным, самадастатковым і свецкім».

Святы Айцец заўважыў, што дыскусія Езуса з Пятром датычыцца старасці як часу сведчання. Насамрэч, Хрыстус папярэдзіў Пятра: «калі быў маладым — быў самадастатковым, але калі станеш старым, больш не будзеш гаспадаром над сабой і сваім жыццём. Таксама і твайму сведчанню будзе спадарожнічаць слабасць».

Папа растлумачыў, што гаворка ідзе пра патрэбу быць «сведкам Езуса нават у слабасці, хваробе і смерці». Іншымі словамі, Хрыстус быццам хацеў сказаць, што Пётр, ідучы за Ім, павінен будзе пагадзіцца са сваёй слабасцю, немаччу, залежнасцю ад іншых, але працягваць вызнаваць веру.

«Гэтая размова паміж Езусам і Пятром утрымлівае каштоўны ўрок для ўсіх вучняў, для ўсіх вернікаў, а таксама для ўсіх пажылых людзей», — падкрэсліў Папа, дадаўшы, што яна вучыць заставацца паслядоўнымі ў сведчанні, нават знаходзячыся ў такім стане, калі становімся ўжо вельмі залежнымі ад іншых.

Пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў пажылых людзей паразважаць пра тое, ці маюць яны духоўнасць, здольную належным чынам інтэрпрэтаваць гэты перыяд ўласнага жыцця, пазначаны фізічнай слабасцю і згубай уласнай лідарскай ролі, і заставацца вернымі наследаванню Пана, вернымі любові, якую паабяцалі, справядлівасці, якой заўсёды шукалі.

Святы Айцец заўважыў, што старасць — гэта час выпрабавання, калі ўзнікае «вельмі чалавечая», але таксама «вельмі падступная» спакуса імкнення да захавання ўласнага лідарства. Аднак пажылы чалавек павінен умець адысці на другі план, знайсці новы спосаб выражэння любові да Хрыста, удзелу ў жыцці сям’і, грамадства, кола сяброў, — лічыць Папа.

Пётр, калі ўбачыў, што за ім ідзе ўмілаваны вучань Езуса, спытаўся: «Пане, а што з ім?» — маўляў, ці не павінен ён заняць маё месца? Хрыстус жа адказаў яму шчыра, але вельмі цвёрда: «Што табе да таго? Ты ідзі за мною».

«Пажылыя людзі не павінны зайздросціць маладым, якія становяцца на іх шлях, якія займаюць іх месца, якія перажывуць іх», — заўважыў Пантыфік, дадаўшы, што нават у перыяд бяздзейнасці, сузіраючы і слухаючы Божае слова, пажылыя адкрываюцца на «найлепшую частку», якая ў іх не будзе адабрана ніколі.

Абноўлена 23.06.2022 11:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця