Пошук

23.06.2022 10:24   Лілія Кобзік / Catholic.by

У сераду 22 чэрвеня ў ватыканскай Зале Паўла VI у прысутнасці Святога Айца адбыўся Фестываль сем’яў. Ён даў старт Дзясятай Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая аб’яднала тысячы делегатаў з усіх краін свету.

Падчас фестывалю сем’і ва ўрачыстай атмасферы дзяліліся гісторыямі свайго сужэнскага жыцця, кожнае з якіх прайшло пэўныя выпрабаванні.

Прысутныя часам усміхаліся, часам не хавалі слёз, але, як адзначыў Папа Францішак, «усе адчулі сябе часткай агульнай касцёльнай супольнасці, адной хрысцыянскай сям’і».

Сёлета галоўная тэма сустрэчы: «Любоў у сям’і: пакліканне і шлях да святасці».

У сустрэчы бярэ ўдзел таксама дэлегацыя з Беларусі, у склад якой уваходзяць айцец Пётр Фраштэнга OCD, сакратар Рады па справах сям’і пры ККББ, а таксама сужэнцы Ян і Лілія Кобзікі. Узначальвае беларускую дэлегацыю біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

Сёлета Папа Францішак змяніў звычайную формулу правядзення форума, і цяпер ён мае «шматцэнтравы і ўніверсальны» характар. Галоўным месцам сустрэчы з’яўляецца Рым, але ў тыя ж дні кожная дыяцэзія можа арганізаваць свае мерапрыемствы з удзелам сем’яў і супольнасцяў.

У бліжэйшыя тры дні удзельнікі паразмаўляюць на такія тэмы, як «Сужэнцы і святары разам у будаўніцтве Касцёла», «Моладзь і пажылыя разам для Касцёла заўтрашняга дня», «Суправаджэнне ў першыя гады пасля шлюбу», «Быць хрысціянінам у лічбавую эпоху», «Пакліканне і місія на экзістэнцыяльнай перыферыі» і іншыя.

Увечары ў суботу на плошчы Святога Пятра Папа Францішак узначаліць цэлебрацыю Імшы для ўдзельнікаў сустрэчы, а 26 чэрвеня ўдзельнікі збяруцца на ватыканскай плошчы, каб узяць удзел у малітве Анёл Панскі і пачуць пасланне Папы да сем’яў.

Абноўлена 24.06.2022 12:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця