18 красавіка, у Велікодны панядзелак, Папа Францішак узначаліў на плошчы святога Пятра малітоўнае чуванне са школьнай моладдзю з італьянскіх дыяцэзій, якая прыбыла ў Ватыкан у агульнанацыянальнай пілігрымцы.
«Учора мы прынялі святло ўваскрослага Езуса, Які перамог цемру смерці. На жаль, густыя хмары па-ранейшаму азмрочваюць нашу эпоху.
Апроч пандэміі, Еўропа перажывае жахлівую вайну, а ў шматлікіх рэгіёнах Зямлі несправядлівасць і насілле руйнуюць чалавека і планету», — адзначыў Пантыфік, словы якога перадае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News. На яго думку, у гэтай сітуацыі самую высокую цану плаціць падрастаючае пакаленне, чые мары аб будучыні растоптваюцца.
«Многія браты і сёстры ўсё яшчэ чакаюць святла Вялікадня», — дадаў Святы Айцец.
«Ёсць нямала момантаў, калі жыццё падвяргаецца цяжкаму выпрабаванню, калі мы як ніколі адчуваем сваю слабасць, безабароннасць і самоту. У такой сітуацыі не трэба саромецца слова „баюся“», — зазначыў Папа, маючы на ўвазе прачытаны падчас набажэнства ўрывак з Евангелля паводле святога Яна (21, 13–19).
У ім ішла гаворка пра тое, як ноч, калі вучні закінулі сеткі, але нічога не злавілі, змяняецца раніцай, калі ім з’явіўся Хрыстус: яны зноў закінулі сеткі і не маглі іх выцягнуць ад мноства рыбы. Тады апостал Ян сказаў: «Гэта Пан!» Калі Пётр пачуў гэта, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора.
Папа Францішак заклікаў маладых вернікаў не баяцца сваіх парываў і смела кіравацца юнацкай інтуіцыяй, давяраючы ва ўсім Пану.
«Езус працягвае заклікаць кожнага: „Ідзі за Мною“», — падкрэсліў Папа, нагадаўшы, што Марыя была прыкладна таго ж падлеткавага ўзросту, калі бясстрашна і з даверам рушыла за незвычайным пакліканнем — стаць Маці Езуса.
Сустрэча пад дэвізам Seguimi — «Ідзі за мной» — была арганізавана Канферэнцыяй Біскупаў Італіі. У ёй узялі ўдзел каля 50 тыс. маладых вернікаў ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў. Іх суправаджалі каля 60 біскупаў, святары, законніцы і законнікі, катэхеты і лідары каталіцкіх асацыяцый і рухаў.