Увечары 13 красавіка, у Вялікую сераду, Папа Францішак скіраваўся ў кляштар Mater Ecclesiæ, што на тэрыторыі Ватыкана, каб наведаць Бэнэдыкта XVI з нагоды набліжэння велікодных святаў і 95-годдзя Папы эмерыта, якое той адзначыць 16 красавіка.
Пра гэта паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
«Пасля кароткай сардэчнай размовы і супольнай малітвы Папа Францішак вярнуўся ў Дом святой Марты», — паінфармаваў журналістаў Матэо Бруні, кіраўнік прэс-службы Святога Пасаду.
Бэнэдыкт XVI адзначаць 95-годдзе з дня нараджэння ў Вялікую суботу, 16 красавіка. З 2013 года Папа эмерыт пражывае ў былым кляштары Mater Ecclesiæ, размешчаным сярод Ватыканскіх садоў. Папа Францішак зазвычай асабіста наведвае свайго папярэдніка на Пасадзе святога Пятра з нагоды галоўных касцёльных святаў і важных падзей.