Апостальская Пэнітэнцыярыя патлумачыла новаўвядзенне, змешчанае ў Апостальскім лісце Папы Францішка Assegnare alcune competenze — «Надаць некаторыя кампетэнцыі», — абнародаванага 15 лютага.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у дакуменце Святога Айца, між іншым, гаворыцца, што дыяцэзіяльныя біскупы і настаяцелі інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, маюць кампетэнцыю зменшыць колькасць цэлебрацый святых Імшаў адносна колькасці атрыманых інтэнцый, калі для гэтага існуюць сур’ёзныя прычыны.
Апостальская Пэнітэнцыярыя ўдакладніла, што застаецца дзейснай практыка, якая ўжываецца ў сітуацыі, пры якой святар, атрымаўшы пэўную колькасць інтэнцый для святых Імшаў і не маючы магчымасці іх цэлебраваць, можа праз пасрэдніцтва свайго спаведніка звярнуцца ў Апостальскую Пэнітэнцыярыю, якая будзе дзейнічаць на падставе атрыманай інфармацыі. Пра ўсе выпадкі магчымага змяншэння колькасці цэлебрацый святых Імшаў адносна атрыманых інтэнцый, Найвышэйшы Пэнітэнцыярый павінен паінфармаваць Святога Айца падчас прыватнай аўдыенцыі, гаворыцца ў паведамленні.
Апостальскім лістом Assegnare alcune competenze прадугледжваецца большая дэцэнтралізацыя ў пытаннях, звязаных з кіраваннем семінарыямі, фармацыяй святароў, рэдагаваннем і выданнем катэхізісаў і іншымі сферамі.
У motu proprio Папа пашырыў кампетэнцыі біскупаў і вышэйшых настаяцелей манаскіх супольнасцяў, змяніўшы некаторыя нормы Кодэкса кананічнага права Касцёла і Кодэкса канонаў Усходніх Касцёлаў.