Папа Францішак назваў Марыупаль, які носіць імя Марыі, горадам-мучанікам і сімвалам страшнай вайны, якая спусташае Украіну. Яго вельмі асабісты і эмацыянальны зварот прагучаў 13 сакавіка пасля малітвы Анёл Панскі.
«Перад абліччам варварства забойства дзяцей, нявінных людзей і безабаронных мірных жыхароў не існуе стратэгічна слушных прычын: трэба спыніць недапушчальную ўзброеную агрэсію, перш чым яна ператворыць гарады ў могілкі», — адзначыў Папа, словы якога перадае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
«З болем у сэрцы я далучаюся да голасу простых людзей, якія просяць спыніць вайну. У імя Бога, пачуйце крык тых, хто пакутуе, і пакладзіце канец бамбардзіроўкам і атакам! Засяродзьцеся па-сапраўднаму і рашуча на перамовах, на эфектыўнасці і бяспечнасці гуманітарных калідораў.
У імя Бога я прашу вас: спыніце гэтую бойню!» — звярнуўся ён да тых, хто нясе адказнасць за развязаную ва Украіне вайну.
Папа Францішак таксама заклікаў да прыняцця шматлікіх бежанцаў, «у якіх прысутнічае Хрыстус», і падзякаваў за вялікую сетку салідарнасці, утвораную з пачатку вайны.
Святы Айцец папрасіў католікаў узмоцніць малітву за мір. «Бог з’яўляецца Богам міру, а не вайны, і тыя, хто падтрымлівае насілле, зневажаюць Яго імя», — падкрэсліў Папа, запрасіўшы фізічна і духоўна прысутных на плошчы святога Пятра да ціхай малітвы за тых, хто пакутуе, і за тых, хто развязаў і падтрымлівае вайну, «каб Бог навярнуў іх сэрцы да цвёрдай волі да міру».