Звяртаючыся да юнакоў і дзяўчат, якія рыхтуюцца да Сусветных дзён моладзі, што пройдуць у наступным годзе ў Лісабоне, Папа Францішак заахвоціў іх да творчага пошуку шляхоў пераадолення крызісу.
«Мы рухаемся ад крызісу да крызісу», — заўважыў Папа ў адмысловым відэазвароце да маладых людзей, якія рыхтуюцца да Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне. Перадаючы словы Святога Айца, Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News нагадвае, што наступныя СДМ плануецца правесці ў пачатку жніўня 2023 года.
«Мы выйшлі з пандэмічнага крызісу і ўвайшлі ў крызіс эканамічны, а цяпер знаходзімся ў самым эпіцэнтры ваеннага крызісу — найгоршай з усіх катастроф, што могуць здарыцца!» — падкрэсліў Пантыфік, гаворачы пра цяжкі для чалавецтва гістарычнага перыяд.
«Крызісы пераадольваюцца разам, а не паасобку. Крызісы — гэта выпрабаванне для нас, каб мы маглі выйсці з іх лепшымі.
Мы не застаемся пасля крызісу такімі самымі; выходзім з яго або лепшымі, або горшымі», — падзяліўся Святы Айцец сваёй думкай, якую агучваў ужо неаднаразова. Ён пажадаў маладым людзям рэалізаваць першы варыянт.
Дзелячыся з юнакамі і дзяўчатамі сваім меркаваннем аб тым, якой павінна быць падрыхтоўка да Сусветных дзён моладзі, Папа Францішак заклікаў, каб яна была «свежай» і «творчай». Лісабонская сустрэча, як адзначыў Папа, не павінна застацца ў цені папярэдніх.