Значэнню тытула «Апякун Касцёла», які крыху больш за 150 гадоў таму Пій IX надаў святому Юзафу, Папа Францішак прысвяціў катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі 16 лютага ў ватыканскай Зале Паўла VI.
Па словах Святога Айца, якія перадае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у Евангеллі падкрэсліваецца, што святы Юзаф заўсёды рабіў тое, што наказваў яму Бог. Пантыфік заўважыў, што заданнем Юзафа была абарона Езуса і Марыі, для якіх ён стаў іх галоўным апекуном: «Сапраўды, Езус і Марыя, Яго Маці, — гэта найкаштоўнейшы скарб нашай веры, і гэты скарб абараняў святы Юзаф», — сказаў Папа, нагадаўшы словы са свайго Апостальскага ліста Patris corde.
«Таксама і мы заўсёды павінны задаваць сабе пытанне, ці з усіх сілаў мы абараняем Езуса і Марыю, якія таямнічым чынам даручаны нашай адказнасці, нашаму клопату і апецы», — запрасіў паразважаць Пантыфік. Ён дадаў, што хрысціяне пакліканы быць абаронцамі жыцця: свайго ўласнага, іншых людзей і жыцця Касцёла.
Папа Францішак нагадаў, што Сын Найвышэйшага прыйшоў у свет у стане вялікай кволасці, хацеў быць абароненым і дагледжаным. «Бог даверыўся Юзафу, як зрабіла Марыя, знайшоўшы ў ім абранніка, які любіў і паважаў Яе, заўсёды клапаціўся пра Яе і Дзіцятка. У такім сэнсе святы Юзаф не можа не быць Апекуном Касцёла, бо Касцёл з’яўляецца працягам цела Хрыста ў гісторыі, і адначасова мацярынства Марыі адлюстроўваецца ў мацярынстве Касцёла. Юзаф, аберагаючы Касцёл, не перастае абараняць Дзіця і Яго Маці, і мы таксама, любячы Касцёл, працягваем любіць Дзіця і Яго Маці», — сцвердзіў Святы Айцец.
Папа нагадаў словы Езуса: «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).
«Таму кожны галодны і прагнучы, кожны чужынец, кожны мігрант, кожны чалавек, які не мае адзення, кожны хворы — гэта „дзіця“, пра якое клапоціцца Юзаф», — падкрэсліў Пантыфік, заклікаўшы вучыцца ў святога Юзафа любіць людзей, якія патрабуюць дапамогі, любіць сакрамэнты і Божы народ, любіць бедных і ўласную парафію.
«Сёння і ва ўсе часы прынята крытыкаваць Касцёл, падкрэсліваць яго недахопы, якіх шмат; грахі, якія насамрэч нашы недахопы, нашы грахі, бо Касцёл спрадвеку з’яўляецца народам грэшнікаў, якія сустракаюць міласэрнасць Бога. Давайце зададзім сабе пытанне пра тое, ці любім мы Касцёл такім, якім ён ёсць», — сказаў Папа. Ён заўважыў, што толькі любоў робіць нас здольнымі казаць усю праўду, быць бесстароннімі; казаць пра нязручныя факты, але, прызнаючы ўсё дабро і святасць, прысутныя ў Касцёле, пачынаючы менавіта ад Езуса і Марыі.
«Дарагія браты і сёстры, давайце будзем прасіць аб заступніцтве святога Юзафа ў самыя цяжкія моманты нашага жыцця і жыцця нашых супольнасцяў», — запрасіў пастыр паўсюднага Касцёла. Ён заклікаў прасіць святога Юзафа аб адвазе, неабходнай для таго, каб прызнаваць праўду, прасіць аб прабачэнні і з пакорай пачынаць новае жыццё, калі нашыя памылкі становяцца прычынай спакусы.
«Там, дзе пераслед перашкаджае абвяшчэнню Евангелля, давайце будзем прасіць святога Юзафа аб сіле і цярплівасці, каб быць здольнымі зносіць злоўжыванні і пакуты з любові да Евангелля. Там, дзе нашыя матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы з’яўляюцца абмежаванымі і прымушаюць спазнаць беднасць, асабліва калі мы пакліканы служыць апошнім, безабаронным, сіротам, хворым, адкінутым на ўзбочча грамадства, давайце будзем прасіць святога Юзафа, каб стаў Божым Провідам для нас. Колькі святых звярталіся да яго! Колькі людзей у гісторыі Касцёла знайшлі ў ім апекуна, абаронцу, бацьку!» — падкрэсліў Папа, заклікаўшы наследаваць іх прыклад і маліцца праз заступніцтва святога Юзафа асабліва за Касцёл, які пакутуе і зносіць выпрабаванні.
Папа Францішак завяршыў катэхезу, якая стала апошняй з цыкла, прысвечанага святому Юзафу, словамі малітвы з Апостальскага ліста Patris corde: «Вітай, апякун Адкупіцеля, абраннік Найсвяцейшай Панны Марыі. Табе Бог даручыў свайго Сына; табе даверылася Марыя; з табой Хрыстус стаўся чалавекам. О святы Юзэфе, стань таксама айцом для нас і вядзі нас па жыццёвым шляху. Выпрасі для нас ласку, міласэрнасць і адвагу і барані нас ад усялякага зла. Амэн».