Пошук

20.01.2022 11:54   Паводле: Vatican News
Фота: AP Photo / Andrew Medichini

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 19 студзеня прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Папа Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны святому Юзафу, паказваючы яго як пяшчотнага бацьку.

«Нават калі Евангеллі не паведамляюць нам дэталяў пра тое, як ён рэалізоўваў сваё бацькоўства, аднак мы можам быць упэўненыя ў тым, што яго справядлівасць выяўлялася таксама і ў выхаванні, дадзеным Езусу. Юзаф бачыў, як Езус штодня „ўзрастаў у мудрасці, у гадах і ў ласцы ў Бога і ў людзей“ (Лк 2, 52).

Як Пан у дачыненні да Ізраэля, так і ён паступаў з Езусам: „вучыў яго хадзіць, трымаючы за руку: быў для яго як айцец, які падносіць дзіця да шчакі, схіляецца над ім, каб накарміць яго (пар. Ос 11, 3–4; Апостальскі ліст Patris corde, 2)», — перадае словы Святога Айца Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Пантыфік заўважыў, што Езус заўсёды выкарыстоўваў слова «айцец», калі казаў пра Бога і Яго любоў. Асоба бацькі была таксама галоўным перасанажам многіх Яго прыпавесцяў, з якіх самай вядомай, безумоўна, з’яўляецца прыпавесць пра міласэрнага Айца, або пра марнатраўнага сына, пераказаная евангелістам Лукой. «Менавіта ў гэтай прыпавесці, акрамя досведу граху і прабачэння, падкрэсліваецца таксама і тое, якім чынам прабачэнне дасягае чалавека, што памыліўся», — сказаў Папа, нагадаўшы евангельскія словы: «А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго» (Лк 15, 20).

«Сын чакаў пакарання, справядлівасці, згодна з якой у найлепшым выпадку ён бы мог заняць месца аднаго са слугаў, але ён апынуўся ў абдымках бацькі.

Пяшчота — гэта нешта большае за логіку свету. Гэта нечаканы спосаб спаўнення справядлівасці.

Вось чаму мы ніколі не павінны забываць, што Бог не баіцца нашых грахоў <…>. Бог не баіцца нашых памылак, нашых падзенняў, але баіцца закрытасці нашага сэрца, недахопу нашай веры ў Яго любоў. У досведзе Божай любові прысутнічае вялікая пяшчота.

Як цудоўна думаць, што першым пазнаёміў Езуса з гэтай рэальнасцю менавіта Юзаф. Сапраўды: тое, што Божае, заўсёды дасягае нас праз пасярэдніцтва чалавечага досведу», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён прапанаваў вернікам задумацца: ці сустракаліся яны з досведам такой пяшчоты, ці сталі яе сведкамі? Пяшчота не з’яўляецца ў першую чаргу пытаннем эмоцый ці пачуццяў: гэта досвед «адчування таго, што нас любяць і прымаюць менавіта ў нашай беднасці і мізэрнасці», — патлумачыў Святы Айцец.

«Бог давярае не толькі нашым талентам, але таксама і нашай адкупленай слабасці», — сцвердзіў Пантыфік, нагадаўшы словы апостала Паўла пра тое, што «моц удасканальваецца ў слабасці», і падкрэсліўшы, што таксама і адносна нашай уразлівасці існуе Божая задума.

«Пяшчота — найлепшы спосаб дакрануцца да таго, што ў нас слабое. Таму важна сустрэцца з Божай міласэрнасцю, асабліва ў сакрамэнце пакаяння і асабістай малітве да Бога, і спазнаць праўду ды пяшчоту», — сказаў Папа.

Ён заклікаў вернікаў спытацца ў сябе: ці дазваляем мы Пану любіць нас з уласцівай Яму пяшчотай, якая перамяняе кожнага з нас у людзей, здольных любіць такім самым чынам?

«Без такой „рэвалюцыі пяшчоты“ мы рызыкуем застацца зняволенымі ў рамках справядлівасці, якая не дае магчымасці падняцца і якая замяняе адкупленне пакараннем. Таму сёння я хачу асаблівым чынам узгадаць нашых братоў і сясцёр, якія знаходзяцца ў турмах. Гэта справядліва, калі чалавек, які памыліўся, расплачваецца за сваю памылку, але яшчэ больш справядліва, калі той, хто памыліўся, мае магчымасць выправіць уласную памылку. Не павінна быць прысудаў, якія пазбаўляюць акна надзеі», — сцвердзіў Святы Айцец.

Папа завяршыў катэхезу малітвай, просячы святога Юзафа, каб навучыў нас «не ставіць перашкод паміж нашай беднасцю і веліччу Божай любові», каб абудзіў жаданне прыступіць да споведзі, быць здольнымі з пяшчотай любіць братоў і сясцёр і мець магчымасць распачаць жыццё ад пачатку, папрасіўшы прабачэння за памылкі.

Абноўлена 20.01.2022 11:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.