Кардынал П’етро Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы Францішка, і арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара, Субстытут па агульных справах, заразіліся каранавірусам.
Як са спасылкай на прэс-службу Святога Пасаду паведаміла 18 студзеня Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, кардынал Паралін і арцыбіскуп Пэнья Пара атрымалі станоўчыя вынікі тэстаў на COVID-19. Дзяржсакратар мае лёгкія сімптомы, у яго намесніка хвароба працякае бессімптомна.
Абодва іерархі знаходзяцца на самаізаляцыі ў сваіх апартаментах.
12 студзеня ў Ватыкане былі ўведзены больш жорсткія супрацьэпідэмічныя меры. Супрацоўнікі абавязаны праходзіць так званую рэвакцынацыю. Асобы, у якіх мінуў вызначаны час ад першых прышчэпак, не дапускаюцца ў офісы. Акрамя таго, у ватыканскіх будынках неабходна насіць маску стандарту FFP2. Прыпынены службовыя паездкі па справах за выключэннем тэрміновых выпадкаў, на якія выдаецца спецыяльны дазвол. Пасля кантакту з асобай са станоўчым тэстам на COVID-19, супрацоўнікі Святога Пасаду павінны прайсці каранцін у залежнасці ад іх статусу вакцынацыі.