Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 15 снежня прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Папа Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны святому Юзафу.
Евангеллі не даносяць нам ніводнага слова Юзафа з Назарэту, але «гэта не значыць, што ён быў маўчуном»: для гэтата былі больш глыбокія прычыны. Праз сваё маўчанне Юзаф пацвярджае тое, пра што пісаў св. Аўгустын: «Па меры таго, як узрастае ў нас Слова — Слова, якое сталася целам, — нашых словаў становіцца менш», — перадае змест папскай катэхезы Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Пантыфік падкрэсліў, што «Юзаф сваім маўчаннем запрашае нас стварыць месца для прысутнасці Слова, якое сталася целам — для Езуса».
«Маўчанне Юзафа не з’яўляецца нематой: яно напоўнена слуханнем, з’яўляецца маўчаннем дзейсным; маўчаннем, якое паказвае яго вялікі духоўны свет», — сцвердзіў Святы Айцец.
Ён заўважыў, што Езус выхоўваўся ў «школе» Марыі і Юзафа ў назарэцкім доме, штодзённа маючы перад сабой іх прыклад, таму не дзіўна, што Ён сам шукаў ціхія месцы на працягу дня і заклікаў да гэтага сваіх вучняў: „Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце“ (Мк 6, 31)».
Папа заклікаў вернікаў па прыкладзе святога Юзафа вярнуць сабе «сузіральнае вымярэнне жыцця, адкрытага для цішыні».
«Але мы ўсе ведаем, што гэта нялёгка: цішыня крыху палохае нас, бо патрабуе таго, каб мы заглыбіліся у сябе і сустрэліся з нашай самай праўдзівай часткай», — сказаў Святы Айцец, нагадваючы словы філосафа Блеза Паскаля: «Усе няшчасці чалавека паходзяць ад няздольнасці сядзець аднаму ў цішыні».
«Дарагія браты і сёстры, навучымся ў святога Юзафа ствараць прастору цішыні, у якой зможа загучаць іншае Слова: слова Святога Духа, што жыве ў нас. Распазнаць гэты голас нялёгка; вельмі часта ён змешваецца з тысячамі галасоў турбот, спакус, жаданняў, спадзяванняў, якія жывуць унутры нас. Але без такой трэніроўкі, якае паходзіць менавіта з практыкавання цішыні, можа захварэць таксама і наша маўленне. Яно, замест таго, каб дапамагаць заззяць праўдзе, можа стаць небяспечнай зброяй. Нашыя словы, насамрэч, могуць ператварыцца ў ліслівасць, славалюбства, падман, зласлоўе, плёткі», — асцярог Папа, нагадваючы, што язык чалавека можа быць больш небяспечным за меч, і што Езус называў забойцамі тых, хто кепска кажа ці пляткарыць пра братоў і сясцёр.
«Гэта тая прычына, па якой мы павінны навучыцца ў Юзафа клапаціцца пра цішыню: гэта прастора духоўнасці на працягу дня, у якой даём Духу магчымасць адрадзіць нас, суцешыць нас, паправіць нас», — сказаў Папа, падкрэсліўшы, што гаворка не ідзе пра тое, каб станавіцца маўчунамі, але пра пошук хвілін цішыні і разважання на працягу дня, слухання Святога Духа, што дапаможа не спаўзці ў павярхоўнасць.
«Дабро ў сэрцы, якое атрымаем, аздаровіць таксама і нашае маўленне, нашыя словы, а ў першую чаргу нашыя рашэнні. Сапраўды, Юзаф спалучаў маўчанне з дзеяннем. Ён не казаў, а рабіў і такім чынам паказаў нам тое, што аднойчы Езус сказаў сваім вучням: „Не кожны, хто кажа Мне: “Пане, Пане”, увойдзе ў Нябеснае Валадарства, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах“ (7, 21)», — нагадаў пастыр паўсюднага Касцёла.
На заканчэнне катэхезы Папа Францішак прамовіў малітву: «Святы Юзэфе, чалавек маўчання, які ў Евангеллі не сказаў ніводнага слова, навучы нас устрымлівацца ад пустаслоўя, адкрыць для сябе каштоўнасць словаў канструктыўных, якія падбадзёрваюць, суцяшаюць, падтрымліваюць. Будзь блізкім да тых, хто пакутуе ад словаў, што раняць, такіх як плёткі і зласлоўе, і дапамажы нам заўсёды спалучаць словы з учынкамі. Амэн».