Пошук

02.12.2021 11:00   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: L’Оsservatore Romano

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 1 снежня прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Папа Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны святому Юзафу, адзначыўшы, што, будучы «справядлівым» і «мужам Марыі», ён можа многаму навучыць заручаных.

Панітыфік, чые словы падае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, напачатку звярнуў увагу на тое, што мноства гісторый, звязаных са святым Юзафам, утрымліваецца ў апокрыфах.

Гэтыя некананічныя апавяданні аказалі моцны ўплыў на мастацтва і розныя месцы культу, а таксама адказваюць на жаданне запоўніць прабелы ў кананічных Евангеллях, у якіх, аднак, змешчана, «усё неабходнае для веры і хрысціянскага жыцця».

Пасля заручын Марыі з Юзафам, «перш чым яны пачалі жыць разам, Яна зачала ад Духа Святога. Юзаф жа, муж Яе, будучы справядлівым і не жадаючы зняславіць Яе, хацеў патаемна адпусціць Яе», — нагадаў словы Евангелля паводле Мацвея Пантыфік. Ён патлумачыў, што ў старажытным Ізраэлі заключэнне сужэнства складалася з двух этапаў. Першы — афіцыйныя заручыны, пасля якіх нявеста яшчэ год жыла ў доме сваіх бацькоў, але ўжо лічылася «жонкай» свайго заручанага. Другі этап пачынаўся калі яна пераязджала ў дом мужчыны. Гэтаму спадарожнічала святочная працэсія, якая завяршала абрад заключэння сужэнства.

Аднак, да таго як Марыя і Юзаф пачалі жыць разам, выявілася, што Яна цяжарная. Згодна са старажытным законам, пакараннем ў такім выпадку было ўкаменаванне, але з цягам часу ў практыку ўвайшла больш лагодная інтэрпрэтацыя гэтага прадпісання, якая прадугледжвала афіцыйнае адмаўленне ад нявесты з грамадзянскім і карнымі наступстваў для яе, — заўважыў Святы Айцец.

Ён дадаў, што Евангелле называе Юзафа «справядлівым» менавіта ў сувязі з тым, што «ён быў паслухмяным Закону, як кожны пабожны ізраільцянін». Але «любоў да Марыі і давер да Яе падказалі яму магчымасць, якая прадугледжвала захаванне і закону, і гонару нявесты»: ён «вырашыў адпусціць Яе патаемна, без шуму, не паддаючы Яе публічнаму прыніжэнню».

«Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных» (Мц 1,20-21), — працытаваў Папа евангельскія словы, падкрэсліваючы, што голас Бога адкрыў Юзафу «яшчэ большае значэнне яго справядлівасці».

«Як важна для кожнага з нас развіваць справядлівае жыццё і адначасова адчуваць сябе людзьмі, якія патрабуюць дапамогі Бога, каб здолець пашырыць наш далягляд і ўспрымаць жыццёвыя абставіны з іншай перспектывы, больш шырокай», — сказаў Папа, нагадаўшы, што «менавіта за некаторымі жыццёвымі сітуацыямі, якія спачатку здаюцца нам драматычнымі», часта хаваецца Божы Провід», які «пралівае святло ў тым ліку і на сэнс пакут, што абрынуліся на нас».

Пантыфік звярнуў увагу на яшчэ адзін аспект гэтага апавядання: Марыя і Юзаф, хутчэй за ўсё, мелі мары і планы адносна сваёй будучыні, але Бог увайшоў у іх жыццё нечакана. Тым не менш, нягледзячы на першапачатковыя цяжкасці, «яны абодва адкрылі сэрцы рэальнасці, перад якой апынуліся».

«Дарагія браты і сёстры, вельмі часта наша жыццё з’яўляецца не такім, як мы яго ўяўляем», — сказаў Папа, падкрэсліўшы, што гэта асабліва датычыцца адносін, у якіх бывае цяжка перайсці «ад логікі закаханасці да логікі сталай любові». Закаханасць заўсёды пазначана пэўнай «зачараванасцю», «уяўленням, якія часта не адпавядае рэчаіснасці».

«Але менавіта тады, калі закаханасць, здаецца, знікае разам з яе чакананнямі, можа пачацца сапраўдная любоў.

Любіць насамрэч не значыць прэтэндаваць на тое, што іншы чалавек ці жыццё будуць адпавядаць нашаму ўяўленню; любіць значыць у поўнай свабодзе браць на сябе адказнасць за такое жыццё, якое нам даецца», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла. Заручаныя хрысціяне пакліканы сведчыць пра адносіны, у якіх мелі «адвагу перайсці ад логікі закаханасці да логікі сталай любові. Гэта неабходны выбар, які замест знявольвання жыцця можа ўмацаваць любоў, каб была трывалай перад абліччам выпрабаванняў часам», — дадаў Папа.

Святы Айцец завяршыў катэхезу малітвай: «Святы Юзэфе, які любіў Марыю свабодна і вырашыў адмовіцца ад сваіх уяўленняў, каб вызваліць месца рэальнасці, дапамажы кожнаму з нас дазволіць Богу здзівіць нас, і прымаць жыццё не як нешта непрадбачанае, ад чаго трэба бараніцца, але як таямніцу, якая хавае ў сабе сапраўдную радасць. Адары ўсіх заручаных хрысціянаў радасцю, рашучасцю і пастаянным усведамленнем таго, што толькі міласэрнасць і прабачэнне робяць любоў магчымай. Амэн».

Абноўлена 02.12.2021 11:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.