Святы Айцец прызначыў біскупа Фэрнандо Вэргеса Альсагу Старшынёй Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан і Старшынёй ватыканскага Губернатарата, надаючы яму тытул арцыбіскупа.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, прызначэнне, аб якім было абвешчана 8 верасня, уступіць у сілу 1 кастрычніка. У гэты дзень кардыналу Джузэпэ Бэртэле, які да гэтага часу займае абедзве згаданыя пасады, споўніцца 79 гадоў.
Фэрнандо Вэргес Альсага, які належыць да Кангрэгацыі Легіянераў Хрыста, пачаў працаваць у Святым Пасадзе 1 жніўня 1972 года: напачатку ў Кангрэгацыі інстытутаў кансэкраванага жыцця, а потым, у красавіку 1984 года, у Папскай радзе па справах свецкіх. У чэрвені 2004 года ён узначаліў адну з секцый Аддзела інтэрнэту Святога Пасаду, а 10 студзеня 2008 года быў прызначаны кіраўніком Ватыканскай дырэкцыі па электрасувязі — адной з некалькіх устаноў, што працуюць пры Губернатараце.
30 жніўня 2013 года Папа Францішак прызначыў біскупа Вэргеса Альсагу Генеральным сакратаром Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, а 15 кастрычніка ўзвёў у сан біскупа.
Праз месяц у ватыканскай базыліцы Святы Айцец асабіста ўдзяліў іспанцу біскупскае пасвячэнне.
Губернатарат Дзяржавы Ватыкан быў створаны пасля падпісання Латэранскіх пагадненняў паміж Святым Пасадам і італьянскім урадам 11 лютага 1929 года з мэтай эфектыўнага кіравання новай дзяржавай у адміністрацыйных, тэхнічных і іншых пытаннях. На працягу гадоў яго структура пашыралася дзякуючы рашэнням чарговых Пантыфікаў. У цяперашні час тут дзейнічае 9 дырэкцый (у тым ліку бухгалтарскага ўліку, агульных паслуг, грамадзянскай бяспекі і аховы здароўя і гігіены) і 8 цэнтральных офісаў (у тым ліку па справах пілігрымаў і турыстаў, унутранага кантролю, Ватыканскіх садоў).
Губернатарату падкантрольныя таксама іншыя ведамствы і ўстановы. Структура цесна супрацоўнічае з Папскай камісіяй па справах Ватыкана, якая з’яўляецца заканадаўчым органам дзяржавы. У цяперашні час тут працуюць каля 2 тыс. чалавек.