Пошук

24.08.2021 13:15   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: EFE / EPA / Andrew Medichini

У Пасланні з нагоды Нацыянальнага літургічнага тыдня, які 23 жніўня распачаўся ў Італіі, Папа Францішак заклікае вярнуць нядзелі належнае значэнне ў рэлігійным жыцці.

Пры гэтым, як адзначае Польская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што перыяд выкліканых пандэміяй абмежаванняў выявіў сумную праўду пра ўсё большае занядбанне хрысціянамі ўдзелу ў нядзельнай Эўхарыстыі.

Пантыфік падкрэсліў, што неабходна вярнуць цэнтральнае месца нядзельнай літургіі ў духоўным жыцці вернікаў.

Як адначаецца ў Пасланні, сёлетні італьянскі літургічны тыдзень праходзіць у Крэмоне, якая моцна пацярпела ад каранавірусу. Папа Францішак канстатаваў, што перыяд жорсткага лакдаўну зрабіў больш выразнай ужо даўно заўважную ў Італіі праблему: для многіх вернікаў нядзельная Імша перастала быць чымсьці важным і ўжо не з’яўляецца цэнтрам хрысціянскага жыцця.

Пастыр паўсюднага Касцёла зазначыў, што гэта — трывожны знак эпахальных змен, сведкамі якіх мы становімся. Папа Францішак заахвочвае да дзеянняў — літургічных і душпастырскіх, — якія дапамогуць хрысціянам нанава адкрыць значэнне нядзельнай Эўхарыстыі і літургіі наогул.

На моцна апусцелыя пасля пандэміі ў Італіі касцёлы звяртае ўвагу біскуп Клаўдыё Маньяга, арганізатар сёлетняга літургічнага тыдня. Ён зазначае, што няма дакладных звестак адносна таго, колькі вернікаў не вярнулася на літургію пасля пандэміі. Тое, што касцёлы апусцелі, відаць няўзброеным вокам, дадае іерарх.

«Адсутнасць прадстаўнікоў некаторых пакаленняў становіцца прычынай таго, што наш Касцёл „кульгае“», — сказаў біскуп Маньяга, адзначыўшы, што з розных прычын не вярнулася шмат старэйшых асоб, а моладзі на літургіі становіцца ўсё менш. Гэтая тэма будзе абмяркоўвацца на Нацыянальным літургічным тыдні, які праходзіць пад дэвізам: «Дзе двое або трое сабраліся ў імя Маё. Супольнасці, літургія, тэрыторыя».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа