Выхаваўчай ролі Закона Майсея, які рыхтуе да свабоды Божых дзяцей, прысвяціў сваю катэхезу Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 18 жніўня прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.
Апостал Павел вучыў таму, што «дзеці абяцання» не знаходзяцца «пад Законам», але «пакліканы да адказнага ладу жыцця ў свабодзе Евангелля», — нагадаў Святы Айцец у традыцыйнай катэхезе, у якой працягнуў разважаць над Пасланнем да Галатаў.
Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа звярнуў увагу на тое, што святы Павел параўноўваў Закон Майсея з выхаваўцам, але гэты цудоўны вобраз, на думку Пантыфіка, трэба правільна разумець.
«Здаецца, што Апостал прапануе хрысціянам падзяліць гісторыю збаўлення, а таксама яго асабістую гісторыю, на два перыяды: да таго, як яны паверылі ў Езуса Хрыста, і пасля таго, як атрымалі веру. У цэнтры знаходзіцца падзея смерці і ўваскрасення Езуса, якую Павел абвяшчаў, каб абудзіць веру ў Божага Сына, крыніцу збаўлення <…>. Такім чынам, пачынаючы ад веры ў Хрыста, ёсць „да“ і „пасля“ ў адносінах і да самаго Закона <…>. Папярэдняя гісторыя акрэсліваецца як быццё „пад Законам“; а наступная павінна перажывацца ў наследаванні Святога Духа», — сцвердзіў Папа.
Пантыфік патлумачыў таксама, што выраз «пад Законам» мае негатыўную афарбоўку, адносіцца да нявольнікаў, бо калі жывем «пад Законам», з’яўляемся «замкнёнымі» пад пэўнага роду «прэвентыўным наглядам».
Святы Айцец нагадаў, што ў антычнай школьная сістэме выхаваўцам называлі раба, абавязкам якога было суправаджэнне сына гаспадара да настаўніка і яго вяртанне дадому. Выхаваўца павінен быў бараніць вучня ад небяспекі і дрэнных прыкладаў. «Яго роля ў першую чаргу датычылася дысцыпліны. Калі юнак станавіўся дарослым, выхаваўца спыняў выкананне сваіх функцый», — патлумачыў Папа.
Паводле Святога Айца, такую ролю ў гісторыі Ізраэля выконваў і Закон Майсея.
«Тора — гэта значыць Закон — была актам велікадушнасці з боку Бога ў адносінах да Яго народа. <…> Безумоўна, яна мела таксама абмежавальныя функцыі, але ў той жа час бараніла народ, выхоўвала яго, дысцыплінавала і падтрымлівала ў яго слабасці, асабліва перад абліччам язычніцтва», — падкрэсліў Пантыфік.
Святы Павел быў перакананы ў тым, што Закон «безумоўна мае станоўчую функцыю, але абмежаваную ў часе». «Нельга бясконца працягваць тэрмін яго дзеяння, бо ён звязаны са сталеннем людзей і іх выбарам свабоды. Калі чалавек прыходзіць да веры, тады Закон вычэрпвае сваю прапедэўтычную каштоўнасць і павінен саступіць месца іншаму аўтарытэту», — дадаў ён.
«Што гэта значыць? Ці значыць гэта, што тэрмін дзеяння Закону завяршыўся і мы можам сказаць: „Верым у Езуса Хрыста і робім усё, што хочам“? Не! Запаведзі працягваюць існаваць, але яны не апраўдваюць нас.
Тое, што адпраўдвае — гэта Езус Хрыстус. Запаведзі павінны выконвацца, але яны не даюць апраўдання.
Нас апраўдвае бескарыслівасць Езуса Хрыста, сустрэча з Езусам Хрыстом. Заслуга веры — гэта прыняцце Езуса. Адзіная заслуга — адкрытасць сэрца. Што ж рабіць з запаведзямі? — Захоўваць іх, але ў якасці дапамогі ў сустрэчы з Езусам Хрыстом», — параіў пастыр паўсюднага Касцёла.
Паводле Святога Айца, вучэнне аб каштоўнасці Закона вельмі важнае і «заслугоўвае ўважлівага разгляду, каб не заблытацца і не рабіць памылковых крокаў».
«Будзе добра калі мы спытаемся ў саміх сябе: ці перажываем яшчэ перыяд, калі нам патрэбны Закон, або ўжо добра ўсведамляем, што атрымалі ласку быцця Божымі дзецьмі, каб жыць у любові», — параіў вернікам Папа Францішак.