11 ліпеня Папа Францішак правёў малітву «Анёл Панскі» з балкона рымскай універсітэцкай клінікі Джэмэллі, дзе знаходзіцца пасля перанесенай тыдзень таму аперацыі на кішэчніку.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у кароткім разважанні падчас традыцыйнай нядзельнай сустрэчы з вернікамі Святы Айцец падзяліўся думкамі на тэму важнасці гарантавання бясплатнай медыцыны кожнаму жыхару планеты.
Падзякаваўшы за малітву, Пантыфік пракаментаваў нядзельны ўрывак з Евангелля (гл. Мк 6, 7–13), дзе гаворка ідзе пра вучняў Езуса, якія «шмат хворых намашчвалі алеем і вылечвалі». Папа звярнуў увагу на тое, што гэты «алей» звязаны не толькі з сакрамэнтам хворых, «які ўмацоўвае дух і цела», але і са «слуханнем, блізкасцю, клопатам і пяшчотай тых, хто займаецца хворымі». Яны «падобныя на ласку, якая прымушае чалавека адчуваць сябе лепш, здымае боль і падымае настрой».
«Рана ці позна нам усім спатрэбіцца гэтае „намашчэнне“, і мы можам перадаць яго камусьці іншаму праз візіт, тэлефанаванне, працягнутую руку да тых, хто мае патрэбу ў дапамозе», — зазначыў пастыр паўсюднага Касцёла.
Папа прызнаўся, што ў шпіталі ён адчуў «важнасць добрай медыцынскай дапамогі, даступнай кожнаму, як гэта адбываецца ў Італіі і іншых краінах, — бясплатнай сістэмы аховы здароўя, што гарантуе добрыя паслугі, даступныя ўсім». «Мы не павінны страціць гэтую каштоўнасць! Мы павінны захаваць гэта!», — адзначыў Святы Айцец.
Папа Францішак выказаў «прызнанне і падтрымку ўрачам і ўсім медыцынскім работнікам і персаналу бальніцы». Ён заклікаў маліцца за «ўсіх хворых, асабліва тых, хто знаходзіцца ў найбольш цяжкім стане». «Няхай ніхто не застанецца ў самоце, няхай кожны атрымае намашчэнне слухання, блізкасці і клопату», — папрасіў Святы Айцец.
На балконе яго суправаджала група хворых дзяцей, пацыентаў клінікі.
Папа Францішак не першым з Пантыфікаў маліўся ў нядзелю з клінікі Джэмэллі. Раней гэта рабіў 22 разы з акна свайго бальнічнага пакоя святы Ян Павел II падчас знаходжання ў гэтым рымскім шпіталі ў 1981, 1992, 1994, 1996 і 2005 гадах.