Пошук

06.05.2021 11:14   Аляксандр Панчанка / Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: CNS photo / Paul Haring

Пра значэнне кантэмпляцыйнай малітвы (духоўнага сузірання) у жыцці хрысціяніна разважаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 5 мая прайшла ў форме відэатрансляцыі з Ватыкана.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец заўважыў, што «кантэмляцыйнае вымярэнне чалавечай асобы», якое яшчэ не з’яўляецца кантэмпляцыйнай малітвай, крыху падобнае да «солі» жыцця, бо надае водар і смак нашай штодзённасці. Ён нагадаў, што можна сузіраць, гледзячы на тое, як раніцай узыходзіць сонца або як увесну дрэвы апранаюцца ў зеляніну; можна сузіраць, слухаючы музыку ці спевы птушак, чытаючы кнігу; можна сузіраць перад творам мастацтва ці нават перад такім шэдэўрам, як твар чалавека.

У той жа час Папа папярэдзіў, што «людзі, якія жывуць у вялікіх гарадах, дзе ўсё штучнае і функцыянальнае, рызыкуюць згубіць здольнасць сузірання», бо сузіранне — гэта лад быцця, у якім, аднак, не ўсё залежыць ад вачэй, але ад сэрца.

«Тут у гульню ўваходзіць малітва як чын веры і любові, як „дыханне“ нашых адносін з Богам. Малітва ачышчае сэрца, а разам з тым праясняе позірк, дазваляючы ўбачыць рэчаіснасць з іншага пункту гледжання», — сцвердіў Пантыфік.

Ён нагадаў, што Катэхізіс апісвае гэтае перамяненне сэрца малітвай словамі святога Жана-Мары Віянэя, які лічыў, што «сузіранне — гэта позірк веры, скіраваны на Езуса»: «„Я гляджу на Яго, а Ён глядзіць на мяне», — казаў пробашчу з Арс пэўны селянін, апісваючы сваю малітву перад табернакулюмам…“ Усё паходзіць адсюль: з сэрца, якое адчувае, што на яго глядзяць з любоўю. Тады рэчаіснасць сузіраецца іншымі вачыма», — запэўніў Папа.

«У напоўненым любоўю сузіранні, якое ўласціва самай глыбокай малітве, не трэба шмат словаў: дастаткова позірку; дастаткова быць перакананымі ў тым, што нашае жыццё акружана вялікай і вернай любоўю, ад якой нічога ніколі не зможа адлучыць нас»,— дадаў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што настаўнікам такога позірку з’яўляецца Езус. У Яго жыцці заўсёды былі моманты цішыні і малітвы, якія былі неабходныя для таго, каб «не спустошыцца перад непазбежнымі выпрабаваннямі, але захоўваць прыгажосць некранутай». «Яго таямніцай былі адносіны з Нябесным Айцом», — патлумачыў Пастыр паўсюднага Касцёла.

У якасці прыкладу Святы Айцец нагадаў пра Перамяненне Пана на гары Табор, якое адбылося ў «крытычны момант місіі Езуса», калі вакол Яго ўзрастала непрыманне. Нават сярод Ягоных вучняў былі тыя, хто не разумеў Яго і адыходзіў, а адзін з Дванаццаці выношваў думку пра здраду. «У гэтым кантэксце Езус разам з Пятром, Якубам і Янам узышоў на высокую гару. Евангелле паводле святога Марка кажа: „Перамяніўся перад імі, і адзенне Ягонае стала бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць“. Менавіта тады, калі Езус сустрэўся з неразуменнем, калі ўсё здавалася паглынутым у віры непаразуменняў, заззяла боскае святло. Гэта святло любові Айца, якое напаўняе сэрца Сына і перамяняе ўсю Яго Асобу», — сцвердзіў Папа.

Ён нагадаў, што ў мінулым некаторыя духоўныя настаўнікі разумелі кантэмпляцыю як супрацьлегласць дзеянню, узвышалі тыя формы паклікання, якія прадугледжвалі «ўцёкі ад свету і яго праблем дзеля поўнага прысвячэння сябе малітве».

«На самай жа справе ў Езусе Хрысце і Евангеллі няма супрацьпастаўлення сузірання дзеянню. Магчыма, яно прыйшло пад уплывам якога-небудзь філосафа-неаплатоніка, але гаворка дакладна ідзе пра дуалізм, які не адносіцца да хрысціянскага паслання», — падкрэсліў Святы Айцец.

«У Евангеллі ёсць адзін вялікі заклік — ісці за Езусам шляхам любові. Гэта вяршыня і цэнтр усяго. У такім сэнсе міласэрная любоў і сузіранне — гэта сінонімы, і яны кажуць пра адно і тое ж», — дадаў Папа.

Ён нагадаў словы святога Яна ад Крыжа, які сцвярджаў, што «малы ўчынак чыстай любові больш карысны Касцёлу, чым усе іншыя справы, узятыя разам». «Тое, што нараджаецца з малітвы, а не з нашай высакамернасці; тое, што ачышчана пакорай, нават калі гаворка ідзе пра адасоблены і маўклівы ўчынак любові — гэта найвялікшы цуд, які хрысціян можа ўчыніць. Вось шлях малітвы сузірання: я гляджу на Яго, Ён глядзіць на мяне. Гэта чын любові ў маўклівым дыялогу з Езусам, які прыносіць шмат дабра Касцёлу», — завяршыў катэхезу Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця