Пошук

08.04.2021 13:14   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Фота niedziela.pl

Прапаведнік Папскага дома кардынал Раньеро Канталямэса OFMCap прысвяціў сваю новую кнігу постаці благаслаўлёнага брата Пацыфіка з Чэрана, італьянскага паэта і прапаведніка. Прадмову да твора напісаў Папа Францішак.

«Бог дазваляе знайсці сябе тым, хто шукае Яго ўсім сэрцам», — прыводзіць словы Пантыфіка з уступу да кнігі польская рэдакцыя парталу Vatican News.

У прадмове Святы Айцец звяртаецца пераважна да маладых людзей. Правакацыйна ён пачынае з Нагорнага казання, у якім Езус запэўнівае: «Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і  знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам». Папа разважае, ці і сёння можна сур’ёзна ўспрымаць гэтыя абяцанні, бо, як бачым, свет часта ім супярэчыць. Пантыфік пераконвае моладзь, што Бог заўсёды дазваляе знайсці сябе тым, хто цярпліва шукае Яго ўсім сэрам. У якасці прыкладу ён прыводзіць асоб з Евангелля: Нікадэма, які прагнуў праўды, скрушаную грэшніцу і пракажонага, якому так патрэбна было аздараўленне.

Папа Францішак нагадвае моладзі, што Бог заўсёды шануе нашу свабоду.

«Вера не атрымліваецца аўтаматычна як дар без нашага ўдзелу. Бог заахвочвае, каб я сам шукаў яе ўсім сваім сэрцам. Гэта дар, які хоча быць жаданым. Па сутнасці, гэта Любоў, якая прагне, каб яе любілі»,— піша Пантыфік.

Як заўважыў Святы Айцец, брат Пацыфік з Чэрана таксама шукаў і знайшоў. У гэтым яму дапамагла сустрэча са святым Францішкам з Асізі, якая была для яго, нібы землятрус, як здарэнне пад Дамаскам для святога Паўла: ён стаў цалкам новым чалавекам.

«Калі Пан кліча, Ён хоча не кампрамісаў ці нейкіх спробаў з нашага боку, а радыкальнага адказу»,— чытаем у папскай прадмове.

Новая кніга кардынала Канталямэсы, як адзначае Папа Францішак, можа для многіх стаць плённым урокам. «Бог не перастаў клікаць. Магчыма, сёння, як ніколі раней, Ён дае пачуць свой голас», — піша Пантыфік, пераконваючы моладзь, што варта толькі сцішыць іншыя гукі, і пачуеце — у сабе і вакол сябе — Яго выразны і чысты голас.

«Калі толькі адважышся пакінуць свае выгоды і адкрыцца Яму, то перад табой адкрыецца новы свет, і так ты станеш святлом для іншых», — падкрэслівае Папа Францішак ва ўступе да кнігі «Францішак, менестрэль Божы», якая выйшла ў выдавецтве Edizioni Francescane Italiane.

Абноўлена 08.04.2021 13:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.