Папа Францішак абнародаваў апостальскі ліст Candor lucis aeternae, прысвечаны 700-годдзю смерці Дантэ Аліг’еры — вялікаму італьянскаму і хрысціянскаму паэту, які «праз прыгажосць паэзіі выказаў глыбіню Бога і любові».
«У гэты асаблівы гістарычны момант, пазначаны мноствам ценяў, сітуацый, якія прыніжаюць чалавецтва адсутнасцю даверу і перспектыў на будучыню, асоба Дантэ, прарока надзеі і сведкі чалавечага жадання шчасця, па-ранейшаму можа даць нам словы і прыклады, якія стануць імпульсам для нашай вандроўкі», — адзначае Святы Айцец.
На думку Пантыфіка, словы якога прыводзіць Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, італьянскі і хрысціянскі вялікі паэт, аўтар «Боскай камедыі» можа дапамагчы чалавецтву «ісці наперад з душэўным спакоем і адвагай у пілігрымцы жыцця і веры, да якой мы ўсе пакліканы, пакуль нашыя сэрцы не знойдуць сапраўдны супакой і сапраўдную радасць, пакуль мы не дасягнем апошняй мэты ўсяго чалавецтва — “любові, што кіруе Сонцам і зоркамі”».
Узгадваючы пра пачатак «Боскай камедыі», у якой 25 сакавіка распачынаецца падарожжа Дантэ праз «цёмны лес», Папа ўказвае на гэтую «сімвалічную і знакавую» дату, на якую часам прыпадаюць урачыстасць Звеставання Пана і Вялікая пятніца: праз таямніцу ўцелаўлення і таямніцу адкуплення на крыжы аб’яўляецца план любові — цэнтр і крыніца натхнення славутай працы паэта.
Пантыфік адзначае, што Касцёл не можа абысці маўчаннем чалавека і паэта Дантэ Аліг’еры, які «можа значна лепш, чым многія іншыя, праз прыгажосць паэзіі выказаць глыбіню Бога і любові». «Яго паэма, найпрыгажэйшае выражэнне чалавечага генія, па сутнасці з’яўляецца плёнам новага і глыбокага натхнення; і паэт гэта разумее, бо кажа пра яе як пра “святую паэму, над якой неба з зямлёю працавала”», — падкрэслівае Папа Францішак.
Святы Айцец адзначае, што праз апостальскі ліст ён «прагне далучыць свой голас да галасоў сваіх папярэднікаў, якія акружалі вялікай пашанай і ўхвалялі паэта, асабліва ў гадавіну яго нараджэння або смерці».