Святымі ўсіх хрысціянаў назваў Папа Францішак 21 копцкага пакутніка, якія былі забіты шэсць гадоў таму ў Лівіі. Пантыфік звярнуўся ў відэапасланні да ўдзельнікаў Дня сучасных мучанікаў, арганізаванага лонданскай копцкай дыяцэзіяй.
У анлайн-сустрэчы, як паведамляе інфармацыйнае агенцтва КАІ, прынялі ўдзел патрыярх Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрас ІІ, англіканскі арцыбіскуп Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі, старшыня Папскай рады па справах хрысціянскага адзінства кардынал Курт Кох.
Дзень сучасных мучанікаў, як адзначыў Пантыфік, з’яўляецца падзякай за жыццё тых, хто вызнаваў хрысціянскую веру ажно да праліцця крыві, а таксама напамінам аб трагічным лёсе людзей, якія ў наш час пераследуюцца за веру.
Святы Айцец запэўніў, што носіць у сэрцы гэты «хрост крывёю» з лютага 2015 года, які прайшлі копцкія хрысціяне, ахрышчаныя раней «вадою і Духам».
«Гэта нашы хрысціяне, святыя ўсіх хрысціянаў, святыя ўсіх веравызнанняў і хрысціянскіх традыцый. Яны выбелілі свае жыцці ў крыві Ягняці»,— сцвердзіў Пантыфік.
Папа Францішак нагадаў, што гэтыя мужчыны выехалі на працу за мяжу, каб забяспечыць годнае існаванне сваім сем’ям. Перад смерцю ад рук прадстаўнікоў забароненай у многіх краінах тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» яны прамаўлялі «Пане Езу!», вызнаючы веру ў Хрыста.
Святы Айцец падзякаваў Богу за «такіх адважных братоў», а Духу Святому за тое, што даў ім моц сведчання ажно да праліцця крыві.
Пантыфік падзякаваў Копцкай Царкве за тое, што навучыла іх узрастаць у веры, а маці забітых, што «кармілі» іх верай.
«Молімся сёння, ва ўспамін 21 копцкага мучаніка, каб заступаліся за нас усіх перад Айцом»,— заклікаў Папа Францішак.
Джыхадысты тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» люта забілі 21 копцкага хрысціяніна на ўзбярэжжы ў Лівіі ў лютым 2015 года. Ужо праз тыдзень Тавадрас ІІ упісаў іх імёны ў кнігу святых мучанікаў Копцкай Праваслаўнай Царквы, прызначыўшы іх успамін на 15 лютага — дзень, у які ў інтэрнэце з’явілася відэа з запісам іх мучаніцкай смерці. Парэшткі забітых былі знойдзены толькі ў канцы верасня 2017 года ў супольнай магіле на ўзбярэжжы каля горада Сірт. Пазналі іх па тым, што ва ўсіх рукі былі звязаныя за спінай і ўсе былі апранутыя ў аднолькавыя аранжавыя робы, у якіх яны былі на відэа, запісаным катамі падчас экзекуцыі.