Пошук

10.02.2021 11:51   Паводле: KAI / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Дантэ ў выгнанні. Мастак Дамэніко Пэтарліні / Wikipedia.org

Старшыня Папскай рады па культуры кардынал Джанфранко Равазі ў інтэрв’ю выданню Il Giornale паведаміў, што Папа Францішак рыхтуе Апостальскі ліст, прымеркаваны да 700 гадавіны смерці Дантэ Аліг’еры.

У дакуменце Пантыфік разважае пра постаць італьянскага паэта і над тэалагічным і маральным багаццем «Боскай камедыі», змест якой з’яўляецца «сімвалам стану чалавека».

Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва КАІ, папскі дакумент можа быць абвешчаны ўжо 25 сакавіка — у дзень, калі Дантэ (1265–1321 гг.) распачаў працу над сваёй паэмай.

Кардынал Равазі ўзначальвае ватыканскі камітэт, які займаецца падрыхтоўкай да святкавання гадавіны смерці Дантэ, што прыпадае на 13 або 14 верасня.

Сярод юбілейных падзей у Ватыкане іерарх вылучае дзве ініцыятывы.

Першая — мастацкае падарожжа ад пекла да неба, натхнёнае «Боскай камедыяй», якое пройдзе ў чэрвені ў катакомбах Вечнага горада. Ватыкан запрасіў да супрацоўніцтва акцёраў і пісьменнікаў, каб у дэкарацыях старажытных рымскіх падзямелляў яны нанова адчыталі і інтэрпрэтавалі самастойна выбраны фрагмент паэмы, дастасоўваючы яго да актуальных акалічнасцяў.

Паводле задумкі арганізатараў, мастацкае падарожжа прадставіць сучасную інтэрпрэтацыю дантаўскіх пекла, чыстца і раю; пакажа, якія грахі Дантэ палічыў бы цяжкімі, калі б жыў у наш час.

Другі важны пункт святкавання гадавіны смерці Дантэ — міжнародны кангрэс у канцы лістапада. Форум будзе прысвечаны тэалагічнаму вымярэнню творчасці італьянскага паэта, разважанню над эсхаталогіяй, тэалогіяй замагільнага свету.

Прадугледжана таксама віртуальная выстава фонду Ватыканскай бібліятэкі, які датычыць Дантэ. Гэта будуць рукапісы, кнігі, гравюры, а таксама медалі — усяго каля 50 экспанатаў, здымкі якіх будуць змешчаны на сайтах бібліятэкі і Папскай рады па культуры для выкарыстання даследчыкамі або ў навучанні.

Кардынал Равазі нагадвае, што Папа Францішак не першы Пантыфік, які афіцыйна выкажацца на тэму Дантэ. Бэнэдыкт XV напісаў энцыкліку In praeclara sumorum да шасцісотай гадавіны смерці Аліг’еры, а Павел VI Апостальскі ліст Motu proprio Altissimi cantus.

Абноўлена 10.02.2021 12:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.