Пошук

11.01.2021 15:14   Паводле: Vatican News
Фота: static.polityka.pl

11 студзеня 2021 г. быў абнародаваны motu proprio Папы Францішка пад назвай Spiritus Domini, згодна з якім жанчыны афіцыйна атрымалі доступ да паслугаў лектарату і акалітату.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, ужо не адно дзесяцігоддзе жанчыны чытаюць Божае слова падчас літургічных цэлебрацый, служаць пры алтары ў якасці міністрантаў і раздаюць святую Камунію: у многіх каталіцкіх супольнасцях у розных частках свету гэта практыка была дазволена біскупамі.

Да гэтага часу, аднак, выкананне жанчынамі такога служэння адбывалася без інстытуцыйнага мандату, у абход рашэння Паўла VI, які ў 1972 г. захаваў доступ да лектарату і акалітату выключна для асобаў мужчынскага полу. Цяпер жа Папа Францішак, у святле разважанняў, якія мелі месца падчас некалькіх апошніх Сінодаў Біскупаў, распарадзіўся зрабіць жаночую прысутнасць пры алтары афіцыйнай.

Апостальскім лістом Spiritus Domini Папа змяніў § 1 канона 230 Кодэкса кананічнага права, пастанавіўшы, што да ўзгаданых паслугаў могуць прызначацца і жанчыны; для гэтага павінен здзяйсняцца прадпісаны літургічны абрад.

У новай фармулёўцы канона гаворыцца, што

свецкія вернікі, якія дасягнулі таго ўзросту і валодаюць тымі здольнасцямі, якія вызначаны дэкрэтам Канферэнцыі Біскупаў, пасля здзяйснення прадпісанага літургічнага абраду могуць прызначацца на пастаянныя паслугі лектарату і акалітату.

Дагэтуль тут гаворка ішла толькі пра «свецкіх мужчын».

Пантыфік удакладніў, што яго дакумент стаў адказам на прапановы, якія гучалі падчас розных сінадальных асамблей. Ён заўважыў, што развіццё веравучэння ў апошнія гады «праліла святло на тое, што пэўныя паслугі, устаноўленыя Касцёлам, маюць у сваёй аснове агульны стан ахрышчаных і каралеўскае святарства, атрыманае ў сакрамэнце хросту».

У той жа час Папа падкрэсліў, што служэнне свецкіх вернікаў у Касцёле «сутнасна адрозніваецца ад служэння прэзбітэраў, якое атрымліваецца з сакрамэнтам пасвячэння».

Motu proprio суправаджаецца лістом да прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння кардынала Луіса Ладарыі Фэрэра, у якім Святы Айцец патлумачыў тэалагічныя прычыны свайго рашэння. Папа звязаў іх з абнаўленнем, распачатым Другім Ватыканскім Саборам, і тэрміновай патрэбай у «адкрыцці нанава сумеснай адказнасці ўсіх ахрышчаных у Касцёле і асабліва місіі свецкіх вернікаў».

Папа Францішак нагадаў словы св. Яна Паўла ІІ пра тое, што «Касцёл ніякім чынам не можа ўдзяляць прэзбітэрскае пасвячэнне жанчынам».

На яго думку, доступ вернікаў абодвух палоў да паслуг лектарату і акалітату зробіць больш плённым удзел усіх у евангелізацыйнай дзейнасці і павысіць прызнанне іх каштоўнага ўкладу ў місію Касцёла.

Абноўлена 11.01.2021 19:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.