17 снежня Папу Францішку споўнілася 84 гады. Хорхэ Марыё Бэргольё нарадзіўся ў 1936 годзе ў сям’і італьянскіх эмігрантаў у Буэнас-Айрэсе. Ён адзначае дзень нараджэння на Пасадзе святога Пятра ў восьмы раз.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа заўсёды адзначае свой дзень нараджэння сціпла і, як сам прызнаўся аднойчы, яго думкі 17 снежня «ляцяць» да самых блізкіх з яго сям’і, памерлых і жывых.
У Ватыкане не запланавана адмысловых падзей з гэтай нагоды. Святы Айцец праводзіць працоўныя сустрэчы. Тым не менш, ён атрымлівае мноства віншаванняў, якія прыходзяць з розных частак свету: ад кіраўнікоў краін і ўрадаў, рэлігійных лідараў, прадстаўнікоў свету навукі, мастацтва і, вядома, тысяч звычайных людзей.
Сёлета дзень нараджэння Папы праходзіць ва ўмовах пандэміі каранавірусу, таму ў віншаваннях нярэдка гучаць словы падзякі за яго бацькоўскую блізкасць і салідарнасць у нялёгкі для ўсёй планеты час.
«Людзі розных веравызнанняў — і нават няверуючыя — у хвіліны выпрабаванняў і самотнасці адчувалі падтрымку і падбадзёрванне з боку Папы. У прыватнасці, католікі знайшлі суцяшэнне і надзею ў цвёрдай упэўненасці ў Вашай шчодрай малітве», — падкрэсліў у спецыяльным лісце Прэзідэнт Італіі Серджо Матарэла.