Пошук

27.10.2020 14:31   Паводле: КАІ / Пераклад: Анастасія Грышан / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: roma.repubblica.it

У гэтым годзе літургія Божага Нараджэння, цэлебрацыю якой узначаліць Папа Францішак, пройдзе ў Ватыкане без удзелу вернікаў.

Пра гэта са спасылкай на CNA паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, зазначаючы, што прычынай з’яўляецца крызіс, звязаны з пандэміяй каранавірусу.

CNA спасылаецца на ліст Дзяржаўнага Сакратарыяту пасольствам, акрэдытаваным пры Апостальскай Сталіцы. У ім гаворыцца, што Папа Францішак будзе цэлебраваць літургію Божага Нараджэння ў Ватыкане «ў прыватнай форме, без прысутнасці членаў дыпламатычнага корпусу».

Таксама ў гэтым лісце, высланым 22 кастрычніка, паведамляецца, што літургія будзе транслявацца анлайн.

Дыпламаты, акрэдытаваныя пры Апостальскай Сталіцы, звычайна ўдзельнічаюць у папскіх літургіях як спецыяльныя госці. Нагадваецца, што ў падобнай форме адбываліся і набажэнствы Вялікага тыдня ў гэтым годзе.

У Італіі ў апошнія тыдні рэзка павялічылася колькасць захворванняў на COVID-19, а таксама колькасць шпіталізаваных і выпадкаў смерці, што вымусіла ўрад прыняць новыя прафілактычныя меры, уключаючы поўнае закрыццё спартыўных залаў і тэатраў, а ў 18 гадзін — бараў і рэстаранаў.

У апошнія гады Папа цэлебраваў 12 снежня Імшу ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай, а 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, на плошчы Іспаніі ў Рыме ўскладаў вянок перад Калонай Марыі Беззаганнай.

Звычайна вечарам 24 снежня, у вігілію, Папа цэлебруе традыцыйную Пастэрку, а апоўдні ў першы дзень Нараджэння Пана ўдзяляе ўрачыстае благаслаўленне Urbi et Orbi з цэнтральнай лоджыі базылікі св. Пятра.

У мінулыя гады з яго ўдзелам праходзілі таксама Нешпары 31 снежня, a ва ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі, 1 студзеня — Імша ў ватыканскай базыліцы.

Абноўлена 27.10.2020 15:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа