Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі» 25 кастрычніка Папа Францішак назваў імёны трынаццаці новых кардыналаў. На кансісторыі 28 лістапада ён уручыць ім кардынальскія берэты.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, новымі кардыналамі-выбаршчыкамі стануць Генеральны сакратар Сіноду Біскупаў біскуп Марыё Грэк, прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі біскуп Марчэло Сэмерара, арцыбіскуп руандыйскага Кігалі Антуан Камбанда, арцыбіскуп Вашынгтонскі Уілтан Грэгары, арцыбіскуп філіпінскага Капіса Хасэ Адвінкула, арцыбіскуп Сант’яга-дэ-Чылі Чэлесціно Аос Брака, Апостальскі вікарый Брунэя Карнэліус Сім, арцыбіскуп Сіены-Кале-дзі-Валь-д’Эльса-Монтальчына Аўгусто Паоло Лаюдзічэ, Гвардыян канвентуальных францішканаў у Асізі брат Маўро Гамбэці.
Апрача дзевяці кардыналаў-выбаршчыкаў, у Калегію кардыналаў увойдуць прадстаўнікі духавенства, старэйшыя за 80 гадоў.
Гэта біскуп на пенсіі Сан-Крыстабала-дэ-лас-Касаса Фэліпэ Арысмэндзі Эсківэль, Апостальскі нунцый арцыбіскуп Сільвано Тамазі, прапаведнік Папскага Дома айцец Раньеро Канталямэса, пробашч парафіі Маці Боскай Любові ў італьянскім Кастэль-дзі-Лева ксёндз Рыко Фэрочы.
Папа Францішак заклікаў маліцца за новых кардыналаў і іх служэнне Пантыфіку і Божаму народу.