Пошук

14.10.2020 17:01   Паводле: Vatican News
Фота: YouTube

Кніга Псальмаў стала бацькаўшчынай, трэніровачнай залай і домам для шматлікіх людзей малітвы, — падкрэсліў Святы Айцец падчас агульнай аўдыенцыі, якая 14 кастрычніка прайшла ў Ватыкане.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны малітве, Пантыфік засяродзіў увагу на кнізе Псальмаў. На яго думку, у псальмах можна знайсці ўсе чалавечыя пачуцці: радасць, пакуты, сумневы, надзею, горыч, таму яны прыдатныя для малітвы людзей усіх станаў і ўсіх часоў.

«Чытаючы і перачытваючы псальмы, мы вучымся мове малітвы. Бог Айцец сваім Духам натхніў іх з’яўленне ў сэрцы караля Давіда і іншых людзей малітвы, каб навучыць кожнага чалавека праслаўляць Яго, дзякаваць Яму, прасіць Яго, звяртацца да Яго ў радасцях і пакутах, распавядаць пра Яго цудоўныя справы і Яго закон.

Псальмы — гэта слова Бога, якое мы, людзі, выкарыстоўваем, каб размаўляць з Ім», — падкрэсліў Папа Францішак.

Святы Айцец заўважыў, што псальмы грунтуюцца на чалавечым досведзе, а каб маліцца імі дастаткова быць самімі сабой. У іх мы чуем галасы сапраўдных людзей, жыццё якіх, як і жыццё ўсіх чалавечых істотаў, было поўным праблем, цяжкасцяў, няўпэўненасці. «Псальміст не пратэстуе супраць гэтых пакут радыкальным чынам, бо ведае, што яны — частка жыцця. У псальмах, аднак, пакуты ператвараюцца ў пытанні», — дадаў Пантыфік.

Папа заўважыў, што часцей за ўсё ў кнізе Псальмаў гучыць пытанне: «Дакуль, Пане?» Так адбываецца, бо «кожны боль патрабуе выйсця, кожная сляза просіць аб суцяшэнні, кожная рана чакае аздараўлення, кожны паклёп — апраўдання».

Паводле Святога Айца, дзякуючы гэтым пытанням псальмы вучаць нас не прызвычайвацца да болю, але заносіць яго да Пана. Існаванне чалавека — гэта подых: яго гісторыя — мімалётная, але чалавек, які моліцца, ведае, што ён каштоўны ў вачах Бога, таму яго ўскліканне мае сэнс. «Малітва псальмаў — гэта выраз такога ўсклікання: разнастайнага ўсклікання, бо ў жыцці пакуты набываюць тысячы форм і носяць імя хваробы, нянавісці, вайны, пераследу, роспачы, а таксама найвышэйшага абсурду, якім з’яўляецца смерць», — сцвердзіў Пастыр паўсюднага Касцёла.

Святы Айцец падкрэсліў, што «чалавек, які моліцца псальмамі, просіць у Бога ўмяшацца туды, дзе ўсе чалавечыя намаганні застаюцца марнымі».

«Вось чаму малітва ўжо сама па сабе з’яўляецца шляхам збаўлення і пачаткам збаўлення», — дадаў ён.

Папа Францішак заўважыў, што ў гэтым свеце пакутуюць усе людзі: як вернікі, так і тыя, якія адмаўляюць існаванне Бога. Але ў кнізе Псальмаў пакуты становяцца адносінамі, бо крык аб дапамозе чакае вуха, якое выслухае. «Боль кожнага чалавека для Бога святы. У псальме 56-м чалавек моліцца так: „Ты палічыў усе мае выгнанні, сабраў слёзы мае ў свой мех“. Перад Богам мы не з’яўляемся невядомымі асобамі ці проста лічбамі. Для Яго мы маем абліччы і сэрцы, Ён ведае кожнага з нас па імені», — запэўніў Святы Айцец.

Папа падкрэсліў, што ў псальмах вернік знаходзіць адказы. Ён ведае, што нават калі ўсе брамы свету будуць зачынены, дзверы Бога застануцца адчыненымі. Нават калі ўвесь свет асудзіць, у Богу ёсць збаўленне.

«„Пан слухае“»: часам у малітве дастаткова толькі ведаць пра гэта. Не заўсёды праблемы вырашаюцца. Чалавек, які моліцца, не мае ілюзій: ён ведае, што многія пытанні зямнога жыцця застануцца нявырашанымі, з’яўляюцца безвыходнымі; пакуты будуць нас суправаджаць, а калі выйграем бітву, нас чакаюць іншыя. Аднак калі мы выслуханыя, усё можна знесці», — сказаў Пантыфік.

Папа Францішак заўважыў, што самае горшае, што можа здарыцца з чалавекам, гэта перажыванне пакут у пакінутасці і забыцці. «Менавіта ад гэтага выбаўляе малітва.

Можа здарыцца, і нават не раз, што мы не будзем разумець Божай задумы. Але наш крык не застанецца на зямлі: ён узнясецца да Яго, да Пана, які мае бацькоўскае сэрца, які плача па кожным сыне і па кожнай дачцэ, якія пакутуюць ці гінуць», — падкрэсліў Святы Айцец.

«Калі мы будзем заставацца ў адносінах з Ім, жыццё не абароніць нас ад пакут, але адкрыецца для больш шырокага гарызонту дабра і будзе ісці да свайго спаўнення. Будзем мужна крочыць наперад з малітвай. Езус заўсёды побач з намі», — завяршыў катэхезу Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця