Пошук

28.09.2020 11:06   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: vaticanstate.va

З пакорай, служэннем і блізкасцю дапамагаць людзям навярнуцца да Бога заклікаў Папа Францішак супрацоўнікаў корпусу Ватыканскай жандармерыі падчас святой Імшы, якую цэлебраваў увечары 26 верасня.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, урачыстая Эўхарыстыя прайшла ў базыліцы святога Пятра з нагоды свята святога Арханёла Міхала, апекуна Ватыканскай жандармерыі, якое будзе адзначацца ў Касцёле 29 верасня.

Жандармскі корпус Дзяржавы Горада Ватыкана — гэта паліцэйскае падраздзяленне, якое выконвае на тэрыторыі Ватыкана і ў экстэрытарыяльных зонах, якія яму належаць, функцыі службы бяспекі, судовай паліцыі і дарожнай інспекцыі.

Корпус складаецца са 130 супрацоўнікаў і ўваходзіць у Дырэкцыю службаў бяспекі і абароны грамадзян.

Гамілію Пантыфік прысвяціў тэме навяртання. Ён падкрэсліў, што ў момант пакаяння грэшнік прыходзіць да Бога, але таксама і Бог становіцца блізкім да грэшніка. Бог не проста прабачае, але таксама абдымае чалавека. Папа дадаў, што гэта — шлях узаемнай сустрэчы.

Пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў ватыканскіх праваахоўнікаў наследаваць прыклад Хрыста, які прыняў постаць слугі, каб служыць людзям. Ён падкрэсліў, што навяртанне — гэта блізкасць, якая выражаецца ў служэнні. «Езус просіць вас быць такімі, як Ён: моцнымі, дысцыплінаванымі, але таксама гатовымі да пакоры і служэння», — заўважыў Святы Айцец.

«Аднойчы я чуў, як пэўны пажылы чалавек, распавядаючы пра свайго сына, які крычаў на дзяцей, сказаў: „Мой сын не зразумеў, што кожны раз, калі ён павышае голас на дзяцей, губляе аўтарытэт“.

Ваш аўтарытэт заключаецца ў служэнні: вызначаць межы, рабіць так, каб законы выконваліся, але ў духу служэння, міласэрнасці, любові. Гэта ваша вялікае пакліканне», — дадаў Папа.

Святы Айцец заклікаў супрацоўнікаў Ватыканскай жандармерыі не быць проста функцыянерамі, якія выконваць свае абавязкі ў межах працоўнага дня, але ўкладаць у сваю дзейнасць душу, навяртаючыся і дапамагачы навярнуцца іншым, з пакорай і блізкасцю.

Словы Папы Францішка, скіраваныя да ватыканскіх праваахоўнікаў, могуць быць адрасаваныя да ўсіх, на каго грамадства ўсклала адказны абавязак абароны законнасці і правоў грамадзянаў.

Абноўлена 28.09.2020 12:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.