Пошук

25.09.2020 10:17   Паводле: Deon.pl / Пераклад: Анастасія Грышан / Catholic.by
Photo AFP via RP.pl

24 верасня Папа Францішак прыняў заяву аб адстаўцы з пасады прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, пададзеную кардыналам Джаванні Анджэло Бэччу. Іерарх адмовіўся таксама ад паўнамоцтваў, звязаных з годнасцю кардынала.

Як адзначае Deon.pl, у паведамленні, выдадзеным вечарам гэтага дня, не ўказваецца падрабязнасцяў або прычын рашэння, якое ватыканісты лічаць сенсацыйным.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі агенцтва ANSA, Папа прыняў заяву падчас вячэрняй аўдыенцыі з кардыналам Бэччу.

Журналісты ў першых каментарыях звязваюць адстаўку з фінансавым скандалам, калі інвестыцыі Ватыкана былі ўкладзены ў лонданскую аперацыю з нерухомасцю, у выніку чаго Святы Пасад страціў мільёны еўра на аплату пасрэднікам.

Пракурор Ватыкана прад’явіў абвінавачванні некалькім ватыканскім службовым асобам, а таксама пасрэднікам, але не кардыналу Бэччу, які адмовіў усе злоўжыванні.

Упершыню падчас пантыфікату Папы Францішка курыяльны кардынал падаў у адстаўку з пасады. На пытанні журналістаў кардынал адмовіўся даваць адказы.

Анджэло Бэччу нарадзіўся 2 чэрвеня 1948 г. у Патадзе на Сардыніі. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў у 1972 г. Абараніў доктарскую працу па кананічным праве. З 1984 г. быў на дыпламатычнай службе Апостальскай Сталіцы, працаваў у нунцыятурах у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Судане, Новай Зеландыі, Ліберыі, Вялікабрытаніі, ЗША.

У 2001 г. Ян Павел ІІ прызначыў яго нунцыем у Анголе; біскупскую сакру ён прыняў у тым жа годзе.

З 2009 г. быў папскім прадстаўніком на Кубе, з 2017 г. з’яўляецца папскім дэлегатам пры Мальтыйскім ордэне.

У 2018 г. быў прызначаны прэфектам Кангрэгацыі па справах Кананізацыі.

Абноўлена 25.09.2020 12:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.