Пошук

02.09.2020 16:13   Паводле: Vatican News
Фота: Asianet News

Папа Францішак заклікаў вернікаў розных рэлігійных традыцый далучыцца да Дня малітвы і посту ў інтэнцыі Лівана. Ён пройдзе ў бліжэйшую пятніцу, 4 верасня.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец нагадаў, што мінуў месяц пасля трагічных выбухаў у Бейруце, у выніку якіх загінула вялікая колькасць жыхароў Лівана.

Ён выказаў словы падтрымкі ліванцам таксама ў сувязі з нестабільнасцю і глыбокім унутраным крызісам, які перажывае краіна.

Пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў не пакідаць Ліван самотным перад абліччам праблем, нагадаўшы, што гэтая краіна заўсёды была знакам надзеі, месцам талерантнасці і мірнага суіснавання, унікальным для свайго рэгіёну.

«Заклікаю ўсіх ліванцаў не пераставаць спадзявацца і знаходзіць сілы і энергію, неабходныя для таго, каб распачаць усё нанова. Прашу палітыкаў і рэлігійных лідараў са шчырасцю і дальнабачнасцю працаваць на карысць адбудовы, ахвяруючы прыватнымі інтарэсамі, скіроўваючы погляд на агульнае дабро і будучыню краіны», — сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 2 верасня.

Пантыфік заклікаў міжнародную супольнасць дапамагчы Лівану выйсці з крызісу.

Ён заахвоціў мясцовае духавенства спрыяць згодзе, культуры сустрэчы, міру і братэрства, падтрымліваць вернікаў і ўвесь народ у імкненні станавіцца галоўнымі дзеючымі асобамі новага адраджэння.

Абвяшчаючы адмысловы Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі Лівана, Папа Францішак заклікаў далучыцца да малітоўнай ініцыятывы таксама прадстаўнікоў розных канфесій і рэлігій.

Абноўлена 02.09.2020 16:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця