Пошук

07.08.2020 12:55   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява

6 жніўня Папа Францішак абнавіў склад Гаспадарчай рады Святога Пасаду, створанай у 2014 годзе з мэтаю кантролю за гаспадарчым кіраваннем і надзору за адміністрацыйнымі і фінансавымі структурамі і дзейнасцю Дыкастэрый Рымскай Курыі, устаноў, звязаных са Святым Пасадам і дзяржавы Ватыкан.

Рада складаецца з пятнаццаці членаў, восем з якіх выбіраюцца з ліку кардыналаў і біскупаў з розных рэгіёнаў, а сямёра з’яўляюцца прафесійнымі экспертамі па фінансах і гаспадарчай дзейнасці.

Упершыню амаль усе свецкія члены Гаспадарчай рады — жанчыны.

Прафесар Шарлота Крэйтар-Кіршхоф з Германіі выкладае міжнароднае і еўрапейскае права ва ўніверсітэце Дзюсельдорфа, а таксама ўзначальвае жаночае таварыства Hildegaris, якое дапамагае студэнткам у патрэбе. Марыя Колак, таксама з Германіі, шмат гадоў працавала ў Берлінскім народным банку (Berliner Volksbank), а цяпер кіруе нацыянальным аб’яднаннем нямецкіх кааператыўных банкаў.

Марыя Кансэпсьён Асакар Гарайкаэцыя з Іспаніі ўзначальвае дзве фірмы, якія займаюцца кіраваннем інвестыцыямі, і спецыялізуецца на нерухомасці і энергетычным сектары. Ева Касцільё Санс, таксама з Іспаніі, уваходзіць у склад назіральных рад банку Bankia і фірмы Zardoya Otis, якая займаецца вытворчасцю ліфтаў.

Рут Мэры Келлі з Вялікабрытаніі ў 2004–2008 гадах была міністрам адукацыі ў лейбарысцкім урадзе, а цяпер займае пасаду віцэканцлера па навуковых доследах ва ўніверсітэце святой Марыі ў Лондане. Лэсіль Джэйн Фэрар, таксама з Вялікабрытаніі, у 2015–2017 гадах была скарбнікам наступніка брытанскага трона прынца Чарльза.

Адзіны свецкі мужчына — гэта Альбэрто Міналі з Італіі, які да гэтага часу кіраваў інвестыцыйнымі і страхавымі кампаніямі.

З самага пачатку дзейнасцю Гаспадарчай рады кіруе нямецкі кардынал Рэйнхард Маркс.

Акрамя яго, у новы склад ведамства ўвайшлі яшчэ шэсць кардыналаў: Петэр Эрдзё з Венгрыі, Адзілью Пэдру Шэрэр з Бразіліі, Жэрар Лакруа з Канады, Джозэф Уільям Тобін з ЗША, Ларс Андэрс Арбарэліюс са Швецыі і Джузэпе Пэтрокі з Італіі.

На гэтым тыдні Святы Айцец таксама прызначыў новым сакратаром Сакратарыяту па эканамічных пытаннях Святога Пасаду іспанскага свецкага верніка і спецыяліста ў сферы фінансаў Максіміно Кабальеро Леда.

Абноўлена 07.08.2020 14:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.