На дабрачынны аўкцыён, даход з якога будзе прызначаны на дапамогу двум шпіталям у паўночнай частцы Італіі, перададзены гоначны ровар, які Папу Францішку асабіста падарыў чэмпіён свету па веласпорце Пэтэр Саган.
Як са спасылкай на партал Vatican News паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, Папа перадаў на аўкцыён таксама іншыя асабістыя рэчы. Аўкцыён распачнецца 8 чэрвеня на анлайн-платформе Сharitystars.com. Запланавана некалькі такіх ініцыятыў, па адной на тыдзень — апошняя адбудзецца 8 жніўня.
Гоначны ровар колераў сцягoў Ватыкана і Аргентыны, падораны славацкім чэмпіёнам Пэтэрам Саганам, будзе прадавацца ў першы дзень аўкцыёну, 8 чэрвеня.
Іншыя прадметы, якія будуць выстаўлены ў гэты дзень — напрыклад, лыжныя боты ці спартыўныя касцюмы, — падарункі іншых вядомых спартсменаў.
Даход ад продажу будзе прызначаны на дапамогу шпіталям у Брэшыа і Бергама ў італьянскім рэгіёне Ламбардыя. Арганізатары ў сваім паведамленні падкрэсліваюць, што праца медперсаналу абодвух шпіталяў у час пандэміі годная найвышэйшай адзнакі. Рэгіён Ламбардыя быў асабліва закрануты вірусам, ад якога памерла там 16 тысяч чалавек.
Сярод арганізатараў акцыі пад назвай We Run Together («Бяжым разам») — старшыня Папскай рады па культуры кардынал Джанфранко Равазі, ватыканская лёгкаатлетычная каманда Athletica Vaticana, Асацыяцыя лёгкай атлетыкі рэгіёна Лацыё і аддзел спорту італьянскай падаткавай паліцыі.
Акцыя We Run Together планавалася спачатку як дабрачынны забег у Кастэль Парцыяна каля Рыма.
У знак інтэграцыі ў ёй збіраліся ўдзельнічаць спартсмены з інваліднасцю, аматары, мігранты і валанцёры, якія апякуюцца імі. З-за пандэміі каранавірусу замест гэтага было вырашана правесці анлайн-аўкцыён.
Папа Францішак час ад часу прызначае на дабрачынныя мэты падарункі, якія атрымлівае. У мінулым годзе быў выстаўлены на аўкцыёне раскошны аўтамабіль з подпісам Святога Айца.