1 чэрвеня Папа Францішак прызначыў новым Апостальскім нунцыем у Расійскай Федэрацыі арцыбіскупа Джаванні Д’Аньелла.
Пра гэта афіцыйна паведаміла прэс-служба Святога Пасаду.
Арцыбіскуп Джаванні Д’Аньелла нарадзіўся 5 студзеня 1955 года ў горадзе Авэрса ў Кампаньі на поўдні Італіі. Святарскае пасвячэнне прыняў 8 снежня 1978 года. 1 чэрвеня 1983 года як спецыяліст у галіне кананічнага права распачаў дзейнасць на дыпламатычнай службе Святога Пасаду. Працаваў у Апостальскіх нунцыятурах у Бурундзі, Тайландзе, Ліване і Бразіліі. Вярнуўшыся ў Ватыкан, займаў пасаду ў аддзеле па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага Сакратарыяту.
15 снежня 2001 года Папа Ян Павел ІІ прызначыў Джаванні Д’Аньелла Апостальскім нунцыем у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, менаваўшы яго тытулярным арцыбіскупам Пэста.
Святы Айцец сам удзяліў яму біскупскае пасвячэнне 6 студзеня 2002 года.
22 верасня 2010 года Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў арцыбіскупа Д’Аньелла Апостальскім нунцыем у Тайландзе і Камбоджы, а таксама Апостальскім дэлегатам у М’янме і Лаосе. 10 лютага 2012 года Бэнэдыкт XVI прызначыў яго сваім прадстаўніком у Бразіліі — самай вялікай і густанаселенай каталіцкай краіне ў свеце, дзе арцыбіскуп Джаванні Д’Аньелла да гэтага часу быў Апостальскім нунцыем.