Пошук

15.04.2020 16:38   Паводле: Vatican News
Фота: Our Sunday Visitor

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 15 красавіка прайшла ў форме відэатрансляцыі з Ватыкана, Папа Францішак прысвяціў катэхезу сёмаму евангельскаму благаслаўленню: «Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі» (Мц 5, 9).

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік патлумачыў, што існуюць два паняцці міру, першае з якіх — біблійнае. Яно выражаецца словам shalòm, якое азначае «дастатак, росквіт, дабрабыт». «Калі па-яўрэйску кажам shalòm, то жадаем прыгожага, поўнага, квітнеючага жыцця, але таксама жыцця згодна з праўдай і справядлівасцю, якія выконваюцца ў Месіі, Князі супакою», — сказаў ён.

Пастыр паўсюднага Касцёла зазначыў, што другое значэнне больш распаўсюджанае, і згодна з ім слова «мір» разумецца як «унутраны спакой».

Гэта сучасная ідэя, псіхалагічная і больш суб’ектыўная.

«Такое значэнне “міру” — няпоўнае і не павінна абсалютызавацца, бо неспакой у жыцці можа стаць важным момантам узрастання. Вельмі часта менавіта Пан сее ў нас неспакой, каб выйшлі на сустрэчу з Ім, каб знайшлі Яго. У такім сэнсе неспакой з’яўляецца важным момантам узрастання, а ўнутраны спакой можа адпавядаць сумленню, якое спіць, а не сапраўднаму духоўнаму адкупленню», — сказаў Папа

«Вельмі часта Пан павінен быць “знакам, якому супраціўляцца будуць”, павінен разбурыць тое, на што мы памылкова пакладаем надзею, каб прывесці нас да збаўлення. У такі момант здаецца, што мы згубілі спакой, але гэта Пан выводзіць нас на такі шлях, каб прыйшлі да спакою, падоранага Ім», — дадаў ён.

Святы Айцец нагадаў, што Езус падкрэсліваў адрозненне свайго спакою ад мірскога: «Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю».

Папа заўважыў, што ў гэтым свеце спакой, мір пасля войнаў ці ўзброеных канфліктаў, дасягаецца або шляхам паразы аднаго з бакоў, або заключэннем мірнай дамовы.

«Мы не можам не жадаць і не прасіць у малітве таго, каб заўсёды пераважаў другі шлях. Але мы павінны ўлічваць, што гісторыя — гэта бясконцая серыя мірных дамоваў, перакрэсленых наступнымі войнамі ці вядзеннем гэтых самых войнаў іншымі спосабамі або ў іншых месцах», — сказаў Пантыфік.

«Таксама і ў наш час “фрагментарная” вайна вядзецца на многіх тэатрах баявых дзеянняў і рознымі спосабамі. Трэба прынамсі падазраваць, што ва ўмовах глабалізацыі, якая грунтуецца ў першую чаргу на эканамічных інтарэсах, “мір” адных адпавядае “вайне” іншых. І гэта не Хрыстовы мір!» — дадаў ён.

Хрыстус, аднак, зруйнаваў варожасць і аднавіў мір сваёй крывёй, пралітай на крыжы. І гэта прыклад для міратворцаў, пра якіх кажа Евангелле. Таму сёмае благаслаўленне з’яўляецца самым актыўным, ініцыятыўным і творчым.

«Любоў па сваёй прыродзе заўсёды творчая. Яна шукае прымірэння любым коштам. Божымі сынамі будуць названыя тыя, хто авалодаў мастацтвам міру і практыкуе яго, хто ведае, што не існуе прымірэння без дару ўласнага жыцця і што мір трэба шукаць заўсёды і ўсюды.

Заўсёды і ўсюды! Не варта забывацца, што менавіта так трэба шукаць мір!

Гэта не наша самастойная справа, не плён нашых здольнасцяў, але праява ласкі, атрыманай ад Хрыста, які з’яўляецца нашым спакоем і які зрабіў нас Божымі дзецьмі», — сказаў Папа.

Ён падкрэсліў, што «сапраўдны shalòm і сапраўдная ўнутраная раўнавага, вынікаюць з Хрыстовага спакою, які з’яўляецца плёнам Яго крыжа і стварае новае чалавецтва, уцелаўлёнае ў бясконцым шэрагу святых, якія былі вынаходлівымі і творчымі, пастаянна знаходзілі новыя шляхі, каб любіць».

«Гэты шлях Божых сыноў, якія дзеля Хрыстовай крыві шукаюць і знаходзяць сваіх братоў і сясцёр, з’яўляецца сапраўдным шчасцем. Шчаслівыя тыя, хто ідзе гэтым шляхам», — завяршыў катэхезу Пантыфік.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця