Расце колькасць ахрышчаных у Каталіцкім Касцёле. Стала таксама больш біскупаў, аднак менш святароў, манахаў, сясцёр законных і семінарыстаў. Найбольшы рост пастырскай актыўнасці адзначаны ў Афрыцы і Азіі.
Як са спасылкай на Цэнтральнае бюро статыстыкі Касцёла паведаміла 25 сакавіка італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, з пачатку 2019 года былі заснаваны чатыры новыя біскупскія кафедры, адна епархія, дзве тэрытарыяльныя прэлатуры, адзін Апостальскі экзархат і адна Апостальская адміністратура. Адна арцыбіскупская і чатыры біскупскія кафедры былі ўзведзены ў ранг мітраполій, адна тэрытарыяльная прэлатура і адзін апостальскі вікарыят — у ранг біскупскіх кафедр, а два апостальскія экзархаты — у ранг епархій.
Гэтыя звесткі былі пададзены Цэнтральным бюро статыстыкі Касцёла, якое займалася падрыхтоўкай ватыканскага даведніка Annuario Pontificio за 2020 год (Папскі штогоднік) і Annuarium Statisticum Eccleasiae — гадавога статыстычнага даведніка Касцёла па стане на 2018 год. Дадзеныя сведчаць пра рост пастырскай актыўнасці Касцёла ў Афрыцы і Азіі, што назіраўся ў першае пяцігоддзе пантыфікату Папы Францішка.
У свеце 1 млрд 329 млн ахрышчаных
З 2013 па 2018 год на пяці кантынентах назіраецца павелічэнне прыблізна на 6% колькасці ахрышчаных католікаў — з 1 млрд 254 млн да 1 млрд 329 млн, што складае 75 млн чалавек. 48% ад агульнай лічбы католікаў жывуць у Амерыцы, 21,5% — у Еўропе і 11,1% — у Азіі, дзе адзначаецца найбольшы рост ахрышчаных.
У 2018 годзе католікі складалі крыху менш за 18% насельніцтва свету.
Да 5377 павялічылася колькасць біскупаў
У акрэслены перыяд часу з 2013 па 2018 год колькасць біскупаў павялічылася больш чым на 3,9%, з 5173 да 5377. Найбольш новых іерархаў з’явілася ў Акеаніі (на 4,6%).
Іх колькасць вырасла на 4,5% у Амерыцы і Азіі, на 4,1% у Еўропе і на 1,4% у Афрыцы.
Стала менш ксяндзоў
Становіцца менш ксяндзоў: колькасць каталіцкіх святароў у свеце скарацілася на 0,3%. Напачатку, з 2013 па 2014 год, іх колькасць павялічылася на 1400 чалавек, але з 2016 па 2018 год няспынна скарачалася.
Насуперак агульнай тэндэнцыі, вырасла колькасць пакліканняў у Афрыцы і ў Азіі: на 14,3% і на 11% адпаведна.
У Амерыцы колькасць прэзбітэраў засталася без зменаў: там іх па-ранейшаму налічваецца каля 123 тыс. У Еўропе і Акеаніі — спад на 7% і на крыху больш за 1% адпаведна.
Расце колькасць сталых дыяканаў
Заўважна змянілася ў большы бок колькасць сталых (пастаянных) дыяканаў, павялічыўшыся на 10%.
У 2013 годзе ўсяго ў свеце іх было 43 тыс. 195 чалавек, а праз пяць гадоў стала 47 тыс. 504.
Стала нашмат менш манахаў несвятароў
Працягвае змяншацца колькасць манахаў несвятароў. Іх стала менш на 8%: з 55 тыс. да менш за 51 тыс.
Тэндэнцыя спаду назіраецца на ўсіх кантынентах за выключэннем Афрыкі і Азіі, дзе назіраецца павелічэнне колькасці адпаведна на 6,8% і 3,6%.
Стала менш сясцёр законных
Моцная дынаміка спаду адзначана і сярод сясцёр законных, якіх з 2013 па 2018 год стала менш на 7,5%. Агульная іх колькасць скарацілася з амаль 694 тыс. у 2013 годзе да менш за 642 тыс. праз пяць гадоў.
У Еўропе сясцёр стала менш на 15%, на 14,8% — у Акеаніі і на 12% — у Амерыцы. У Афрыцы і Азіі, наадварот, іх няспынна становіцца ўсё больш: у Афрыцы рост склаў 9%, а ў Азіі — 2,6%.
Становіцца ўсё менш семінарыстаў
Колькасць кандыдатаў да святарства зменшылася са 118 тыс. 251 чалавека ў 2013 годзе да 115 тыс. 880 чалавек у 2018 годзе. Такім чынам, усяго іх стала менш на 2%.
Спад назіраецца на ўсіх кантынентах за выключэннем Афрыкі.
Найбольш скарацілася колькасць семінарыстаў у Еўропе — на 15,6% і ў Амерыцы — на 9,4%.
Афрыка, дзе колькасць будучых святароў павялічылася на 15,6%, пацвярджае сваю рэпутацыю кантынента з найбольшым патэнцыялам задаволення патрэбы ў пастырскім служэнні.