24 лютага было абнародавана Пасланне Папы Францішка на Вялікі пост.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у пасланні Папа нагадвае, што слухаць і прымаць Добрую навіну пра смерць і ўваскрасенне Езуса — гэта крыніца радасці для хрысціяніна. «Калі ж слухаем ліслівы голас “бацькі хлусні”, рызыкуем заглыбіцца ў бездань бессэнсоўнасці, перажываючы пекла ўжо тут, на зямлі, як, на жаль, сведчаць многія драматычныя падзеі асабістага і супольнага чалавечага досведу», — папярэдзіў Святы Айцец.
Папа заклікаў углядацца ў распасцёртыя абдымкі ўкрыжаванага Хрыста і моцна верыць у Яго міласэрнасць, прыступаючы да вызнання ўласных грахоў, карыстаючыся магчымасцю нарадзіцца нанова.
«Пасха — гэта не падзея з мінулага: моцаю Святога Духа яна застаецца пастаянна актуальнай, дазваляючы нам глядзець і дакранацца з верай да цела Хрыста ў шматлікіх пакутуючых»,
— заўважыў пастыр паўсюднага Касцёла.
Святы Айцец падкрэсліў важнасць сузірання Пасхальнай таямніцы, у якой «нам была падорана Божая міласэрнасць». Сустрэча з міласэрнасцю, аднак, магчымая толькі «тварам у твар» з укрыжаваным і ўваскрослым Хрыстом. Патрэбны сардэчны і сяброўскі дыялог з Ім.
«Вось чаму малітва вельмі важная ў велікапосны перыяд. Яна з’яўляецца больш, чым абавязкам, бо выражае патрэбу ў адказе на Божую любоў, якая заўсёды нас апярэджвае і падтрымлівае. Хрысціянін моліцца з упэўненасцю, што нягодны такой любові. Малітва можа мець розныя формы, але ў вачах Бога па-сапраўднаму важна тое, што яна свідруе наша сэрца, прымушаючы прабіць яго зацвярдзеласць і ўсё больш і больш навяртацца да Яго і Яго волі», — напісаў Папа.
Святы Айцец перакананы, што дар Вялікага посту — гэта жаданне Бога размаўляць са сваімі дзецьмі. «Дыялог, які Бог прагне ўстанавіць з кожным чалавекам праз Пасхальную таямніцу свайго сына», не падобны да таго, які вялі жыхары Афін: яны «нічым настолькі ахвотна не займаліся, як апавяданнем або слуханнем нечага новага».
«Такі від пустаслоўя, абумоўлены пустой і павярхоўнай цікаўнасцю, характэрны для мірскога жыцця кожнай эпохі, а ў нашыя дні можа выражацца таксама ў няправільным выкарыстанні сродкаў камунікацыі»,
— лічыць Пантыфік.
Па словах Папы, размяшчэнне Пасхальнай таямніцы ў цэнтры жыцця прадугледжвае пачуццё спагады да ран Укрыжаванага Хрыста, прысутных у шматлікіх нявінных ахвярах войнаў, злоўжыванняў супраць жыцця, ад ненароджаных да пажылых людзей, шматлікіх форм насілля, экалагічных катастроф, несправядлівага размеркавання зямных рэсурсаў, гандлю людзьмі ва ўсіх яго формах і няспыннай прагі прыбытку — адной з форм ідалапаклонства.
Святы Айцец нагадаў пра актуальнасць закліку да міласціны. «Дзяленне з любоўю робіць чалавека больш гуманным, а накапленне пагражае яму сапсаванасцю, закрываючы яго ва ўласным эгаізме», — напісаў Пантыфік.
Папа падкрэсліў, што ў гэты кантэкст упісваецца сустрэча маладых прадпрымальнікаў і эканамістаў, якая пройдзе ў перыяд Вялікага посту з 26 па 28 сакавіка ў Асізі.
Яе мэта — паспрыяць стварэнню больш справядлівай і інклюзіўнай эканомікі, бо не толькі палітыка, але і эканамічная дзейнасць можа быць высокай формай любові, дзякуючы евангельскаму духу — духу благаслаўленняў.
Пасланне Святога Айца на Вялікі пост было падпісана 7 кастрычніка 2019 г., ва ўспамін Маці Божай Ружанцовай.