6–7 лютага ў Ватыкане прайшло першае пасяджэнне XV Звычайнай рады Генеральнага сакратарыяту Сіноду Біскупаў. Мэтай пасяджэння было прапанаваць Папу магчымыя тэмы для XVI Звычайнай асамблеі.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, кардынал Ларэнцо Балдзісэры прадставіў вынікі кансультацый, праведзеных Генеральным сакратарыятам па тэмах для наступнага Сіноду. У іх удзельнічалі біскупскія канферэнцыі, Сіноды Усходніх Каталіцкіх Цэркваў sui iuris, дыкастэрыі Рымскай курыі і рады вышэйшых манаскіх настаяцеляў. Пасля прэзентацыі Генеральнага сакратара адбылася дыскусія, як у межах пленарнага пасяджэння, так і ў працоўных групах.
6 лютага ў другой палове дня сустрэчу ўзначаліў Пантыфік, якому была прадстаўлена праблематыка для канчатковага зацвярджэння сінадальнай тэмы.
Пачуўшы меркаванне Генеральнага сакратарыяту і Звычайнай рады, Папа прыняў рашэнне аб скліканні наступнага Сіноду Біскупаў на восень 2022 г.
Удзельнікі сходу разгледзелі, між іншым, наступствы міграцыйнага феномену. «Па прычыне войнаў, эканамічнай няроўнасці, пошуку працы і больш урадлівых земляў, рэлігійнага пераследу, тэрарызму, экалагічнага крызісу і г.д. многія людзі вымушаны пераязджаць з адной краіны ў іншую. Эфекты з’явы часта разбуральныя. Людзі дэзарыентаваны, сем’і разбураны, (...) яны пакутуюць у лагерах для бежанцаў, а некаторыя трапляюць у турму. Жанчын і маладых людзей прымушаюць займацца прастытуцыяй; фізічна, сацыяльна і сексуальна гвалтуюць. Дзеці разлучаюцца з бацькамі і пазбаўлены права расці ў бяспецы аб’яднанай сям’і», — адзначаецца ў спецыяльным паведамленні, апублікаваным 15 лютага.
Звычайная рада Генеральнага сакратарыяту Сіноду Біскупаў нагадвае, што Касцёл імкнецца прапанаваць суцяшэнне ўсім, хто так ці інакш пакутуе. Ён атаясамлівае сябе з беднымі, малымі гэтага свету і замежнікамі, «лічачы часткай сваёй прарочай місіі імкненне ўзняць голас супраць несправядлівасці, эксплуатацыі і пакутаў».
У той жа час Касцёл высока ацэньвае намаганні кіраўніцтва краін і няўрадавых арганізацый, якія праяўляюць цікавасць і імкнуцца дапамагчы мігрантам.
Ён падтрымлівае тых, хто спрабуе ініцыяваць палітыку, што спрыяе прыёму гэтых людзей у новыя для іх супольнасці, заклікае быць пільнымі адносна з’явы гандлю людзьмі і садзейнічаць спыненню канфліктаў, якія прычыняюць столькі пакутаў.
«Мы даручаем нашых пакутуючых братоў і сясцёр Марыі, Маці чалавецтва, якая ўпершыню адчула боль, калі была вымушана пакінуць дом і краіну разам са сваёй сям’ёй у пошуках бяспекі і міру», — напісалі ўдзельнікі сустрэчы Звычайнай рады Сіноду Біскупаў.