Як паведаміла 28 лістапада польская рэдакцыя парталу Vatican News, папа Францішак прызначыў 100 тысяч еўра на дапамогу ахвярам землятрусу ў Албаніі.
Такім чынам, інфармуе крыніца са Святога Пасаду, Святы Айцец пажадаў выявіць сваю духоўную блізкасць і айцоўскую падтрымку жыхарам тэрыторыі, пацярпелай ад катаклізму.
Адзнчаецца, што гэта першая заўважная дапамога, аказаная на этапе, калі яшчэ працягваецца аперацыя па выратаванні.
Сродкі будуць пералічаны ў дыяцэзіі, якія пацярпелі ад землятрусу. Паведамляецца, што дапамога прыходзіць ад Касцёла ва ўсім свеце, з нацыянальных канферэнцый біскупаў і мясцовых Caritas.
Нагадаем, што ў выніку землятрусу, які здарыўся ў Албаніі ў панядзелак, загінула не менш за 40 чалавек, больш за 600 было паранена. Увесь час у краіне фіксуюцца новыя штуршкі да 5,3 балаў па шкале Рыхтэра.