Вялікую елку, якая ў перыяд Нараджэння Пана ўпрыгожыць плошчу св. Пятра ў Ватыкане, прывязуць сёлета з Альтап’яна-дзі-Азіяга, што ў правінцыі Вічэнца на паўночным усходзе Італіі.
Калядную елку на плошчу, а таксама меншыя ў рэзідэнцыю папы Францішка і Бэнэдыкта XVI ахвяруе кансорцыюм Ротца, Пэдэскала і Сан-Пьетра, паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Велічная лясная прыгажуня будзе стаяць на галоўнай ватыканскай плошчы, адкуль мільёны людзей ва ўсім свеце змогуць убачыць яе па тэлебачанні.
Яшчэ некалькі меншых елачак аздобяць двор Ватыканскіх музеяў, прыватныя апартаменты папы Францішка ў Доме св. Марты і пакоі Бэнэдыкта XVI у кляштары Mater Ecclesia.
Калядныя елкі з лясоў рэгіёну Вэнэта прыедуць у Ватыкан упершыню. Некалькі дзён таму прадстаўнік адміністрацыі Ватыканскіх садоў наведаў гэты рэгіён, каб разам з гаспадарамі выбраць адпаведныя дрэвы.
Звычай усталёўваць елку на галоўнай ватыканскай плошчы быў уведзены ў 1982 г. святым Янам Паўлам II. Ідэя прыйшлася даспадобы як рымлянам, так і шматлікім пілігрымам і турыстам. Першапачаткова дрэвы прывозілі з італьянскіх лясоў, але іншыя краіны хутка далучыліся да кампаніі, разглядаючы ахвяраванне елкі Пантыфіку як гонар і адначасова як магчымасць папулярызацыі свайго рэгіёна.