2 кастрычніка Ватыкан і ЗША правядуць сумесную канферэнцыю на тэму рэлігійнай свабоды. Падзею анансавала пасол Злучаных Штатаў пры Апостальскай Сталіцы Каліста Гінгрыч.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, дыпламат падкрэсліла, што спрыянне свабодзе веравызнання — «адзін з важнейшых пунктаў супрацоўніцтва паміж пасольствам ЗША і Святым Пасадам».
Канферэнцыя мае на мэце падкрэсліць яго значэнне, а таксама звярнуць увагу на важнасць сумесных дзеянняў дзяржавы і рэлігійных аб’яднанняў на карысць свабоды людзей вызнаваць сваю веру.
Пра падрыхтоўку ватыканскага форуму Каліста Гінгрыч паведаміла падчас канферэнцыі аб рэлігійнай свабодзе, якая 16-18 ліпеня прайшла ў Вашынгтоне па ініцыятыве Дзяржаўнага дэпартамента ЗША. У сустрэчы бралі ўдзел каля 1000 грамадскіх і рэлігійных лідэраў, дэлегацыі 80 краін свету, у тым ліку 40 міністраў замежных спраў. Святы Пасад прадстаўляў Сакратар па адносінах з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.
Ватыканскі дыпламат заўважыў, што фармальныя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і ЗША былі ўстаноўлены ўсяго каля 35 гадоў таму, але на практыцы супрацоўніцтва ажыццяўлялася з самага заснавання Злучаных Штатаў. Яго самым даўнім прыкладам іерарх назваў рашэнне Джорджа Вашынгтона аб прадстаўленні Пію VI свабоды ў прызначэнні біскупаў на тэрыторыі маладой амерыканскай дзяржавы.
8 ліпеня бягучага года пры Дзярждэпартамеце ЗША была створана Камісія па непарушных правах, адным з напрамкаў дзейнасці якой будзе абарона рэлігійнай свабоды ў свеце.
Структуру ўзначаліла былая старшыня Папскай акадэміі сацыяльных навук і былы пасол ЗША пры Святым Пасадзе Мэры Эн Глэндан.