10 чэрвеня ў чавускім касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Маці Касцёла адбылася ўрачыстая св. Імша ў дзень парафіяльнага адпусту, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці.
Падзяліць вялікую радасць з мясцовымі парафіянамі прыехалі таксама вернікі і святары з суседніх парафій: з Магілёва, Шклова, Крычава, Горак, Княжыц і Фашчаўкі.
У прамоўленай гаміліі біскуп Аляксандр адзначыў, што чавуская парафія — адзіная ў архідыяцэзіі, якае мае гонар насіць тытул Марыі Маці Касцёла.
«Гэтае свята — выдатная магчымасць сустрэцца вернікам і святарам розных парафій для супольнай малітвы праз заступніцтва Маці Касцёла аб духоўным узрастанні і трыванні ў веры», — падкрэсліў іерарх.
Ён дадаў, што словы Маці Божай, пададзеныя ў Евангеллі паводле Яна: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце» (Ян 2, 5), маюць вельмі глыбокі сэнс. Па-першае, Марыя заклікае быць паслухмянымі Богу. Па-другое, ў Яе словах гучыць заклік да вернікаў заўсёды быць вернымі Касцёлу, заснаванаму самім Хрыстом Збаўцам дзеля захавання веры і дапамогі на шляху збаўлення.
«Езус сам у сваім Касцёле працягвае вучыць усіх любові, бо толькі яна можа змяніць чалавека да лепшага і даць збаўленне», — сцвердзіў біскуп Аляксандр Яшэўскі, заахвоціўшы да духоўнага ўдасканалення і трывання ў веры.
Падчас свята вернікі і святары не толькі супольна маліліся, але таксама мелі магчымасць пабыць разам і паразмаўляць на розныя тэмы, дзелячыся вопытам сваёй веры і жыццёвым досведам.